"Саюз маці" адказаў на прызнанне яго ў Беларусі "экстрэмісцкім"
Падпольнае выданне
"Саюз маці Беларусі" адказаў на прызнанне яго ў РБ "экстрэмісцкім фармаваннем" (адпаведнае рашэнне ў канцы верасня прынятае КДБ). Там згадваюць пра затрыманне некалькі тыдняў таму жанчыны, якая дапамагала распаўсюджваць антываенныя буклеты.
"Пасля гэтай жудаснай падзеі мы змоўклі. Страх і жах за кожную з вас ненадоўга паралізаваў нас. Цэлы тыраж нашых антываенных газет быў канфіскаваны гэтымі карнікамі", — пішуць актывісткі. Яны задаюцца пытаннем, за што арганізацыю прызналі "экстрэмісцкай"?
"За тое, што мы не хочам смерці нашым дзецям? — разважаюць удзельніцы саюза. — Ці за тое, што маці — жанчыны, якія асмеліліся стаць на абарону жыцця, якое яны самі далі гэтаму свету, адважыліся сказаць не нейкаму цару, які трымаецца сваімі тоўстымі старымі пальцамі за свой трон? За тое, што не захацелі аддаваць сваіх сыноў дзеля нечых амбіцый? Ці за тое, што мы шчыра расказалі, як маці ў Беларусі выжываюць?"
"Саюз маці Беларусі" нагадвае пра рэпрэсіі, якія не спыняюцца ў Беларусі, пра "амаль мільён" палітуцекачоў. Ён лічыць, што сапраўдныя экстрэмісты ў РБ — гэта рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.