Шэсць рэчаў пра Міхаіла Саакашвілі, якія вы хацелі спытаць у грузінаў

Прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі і кіраўнік кааліцыі “Грузінская мара”, якая перамагла на выбарах, Бідзіна Іванішвілі, кастрычнік 2012 г. REUTERS/David Mdzinarishvili
Прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі і кіраўнік кааліцыі “Грузінская мара”, якая перамагла на выбарах, Бідзіна Іванішвілі, кастрычнік 2012 г. REUTERS/David Mdzinarishvili

JamNews


Для часткі насельніцтва Грузіі трэці прэзідэнт краіны (які цяпер арганізуе акцыі пратэсту ва Украіне), па гэты дзень застаецца сімвалам новай Грузіі, вызваленай ад карупцыі і крыміналу і героем барацьбы з пуцінскай Расіяй. Прыхільнікі Саакашвілі ў Грузіі лічаць яго самым харызматычным лідарам на постсавецкай прасторы і архітэктарам празаходніх рэформаў. Аднак для праціўнікаў, якіх у Саакашвілі нямала, ён папуліст, які схільны да аўтарытарызму і дзейнічае прыватна, якога не цікавіць нічога, акрамя ўлады. За сваю палітычную біяграфію Саакашвілі прайшоў праз мноства крызісных сітуацый — і не праз усе з іх паспяхова.

 

1. Рэвалюцыя руж — як у Саакашвілі атрымалася прыйсці да ўлады.

Палітычную кар'еру Саакашвілі пачаў у 1995 годзе, калі быў абраны ў парламент ад кіруючай партыі “Саюз грамадзян Грузіі”, лідарам якой быў прэзідэнт Эдуард Шаварнадзэ. Саакашвілі дзеля палітыкі пакінуў працу ў юрыдычнай кампаніі ў Нью-Ёрку. У парламенце ён стаў адным з лідараў т. зв. "Крыла рэфарматараў" у шэрагах кіруючай партыі. У 2000 годзе быў прызначаны міністрам юстыцыі, і стаў самым маладым (33 гады) членам кабінета. Будучы міністрам, не раз заяўляў пра неабходнасць барацьбы з карупцыяй. Адзін раз Саакашвілі прадэманстраваў на пасяджэнні ўрада фатаграфіі шыкоўных палацаў сваіх калег па кабінеце, чым выклікаў скандал.

Саакашвілі сышоў у адстаўку ў верасні 2001 года, абвінаваціўшы прэзідэнта Шаварднадзэ і яго ўрад у нежаданні змагацца з карупцыяй. Ён абвясціў пра стварэнне новай партыі — “Адзінага нацыянальнага руху”, а сваёй галоўнай мэтай абвясціў менавіта барацьбу з карупцыяй. Яго партыя выйграла мясцовыя выбары ў Тбілісі ў 2002 годзе, і Саакашвілі ўзначаліў гарадскі савет.

У лістападзе 2003 года, у знак пратэсту супраць фальсіфікацыі парламенцкіх выбараў, на вуліцы выйшлі тысячы чалавек. Міхаіл Саакашвілі, які ўзначальваў на той момант сваю партыю “Адзіны нацыянальны рух”, быў адным з трох палітычных лідараў, якія апынуліся на вяршыні хвалі пратэсту. Былыя спікеры парламента, Зураб Жванія і Ніно Бурджанадзэ, былі тады больш дасведчанымі і ўплывовымі апазіцыйнымі палітыкамі, чым Саакашвілі. Аднак людзі на вуліцы скандавалі “Міша”.

Менавіта ён у вырашальны момант 23 лістапада ўзначаліў шэсце на парламент з мэтай не дапусціць адкрыцця сесіі новага заканадаўчага органа, выбранага ў выніку фальсіфікацый. Іншыя лідары за ім не пайшлі. Рызыка была вялікая — парламент абаранялі спецпадраздзяленні паліцыі, а на трыбуне выступаў прэзідэнт Шаварнадзэ, акружаны шматлікай аховай. Аднак у выніку, пад ціскам дэманстрантаў, Шаварнадзэ пакінуў будынак парламента, а затым падаў у адстаўку. Саакашвілі, які стаў галоўным лідарам рэвалюцыі, быў абраны прэзідэнтам Грузіі ў студзені 2004 года.

 

2. Рэформы ў Грузіі — што было зроблена на самой справе?

Звольніць 13 тысяч чалавек за адзін дзень у маленькай Грузіі — вялікі выклік нават для прэзідэнта, абранага 97 адсоткамі галасоў. У першы год праўлення Саакашвілі інфармацыйныя выпускі пачыналіся з чарговага затрымання карумпаваных чыноўнікаў былога ўрада, бізнесоўцаў, звязаных з мінулай уладай, альбо крымінальных аўтарытэтаў. Летам 2004 года былі раптоўна звольненыя ўсе супрацоўнікі ДАІ. Замест іх стварылі нешматлікую, але высокааплатную патрульную паліцыю, якая не брала хабараў і сапраўды змагалася з парушэннямі і злачыннасцю.

З універсітэтаў былі звольненыя многія старыя выкладчыкі, а дзякуючы ўвядзенню нацыянальнага экзамена практычна цалкам атрымалася выкараніць карупцыю пры паступленні ў ВНУ.

Міністэрства эканомікі ў 2004 годзе ўзначаліў вядомы расійскі прадпрымальнік Каха Бендукідзэ, які стаў аўтарам грузінскіх эканамічных рэформаў. У прыватнасці, паводле яго рэкамендацыі, рэзка скарацілася колькасць падаткаў, многія рэгулюючыя органы, якія былі крыніцай карупцыі, былі проста скасаваныя. У выніку фактычныя даходы дзяржаўнага бюджэту выраслі з 2003 да 2012 года практычна ў дзесяць разоў. Прыкладна ў столькі ж разоў вырасла пенсія — з 14 лары ў 2003 (каля сямі долараў па тагачасным курсе) да 150 ў 2012 годзе (каля 90 долараў).

У гэты перыяд у Грузіі адкрыліся Дамы юстыцыі — спецыяльныя ўстановы па абслугоўванні грамадзян, дзе можна хутка атрымаць пашпарт або іншыя дакументы, зарэгістраваць нерухомасць або бізнес.

“Пачынаючы з 2003 года, Грузія дэманструе ўнікальныя поспехі ў справе барацьбы з карупцыяй у сферы дзяржаўных паслуг. Грузія сваім прыкладам паказала, што пры наяўнасці цвёрдай палітычнай волі і пры ўзгодненых дзеяннях кіраўніцтва краіны поспеху можна дасягнуць у адносна кароткі адрэзак часу”, — сказана ў даследаванні Сусветнага банка “Барацьба з карупцыяй у сферы дзяржаўных паслуг. Хроніка рэформаў у Грузіі”.

Аднак у гэтых працэсаў быў і іншы бок — пострэвалюцыйны ўрад абвясціў “Нулявую талерантнасць” у барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй. Як мясцовыя праваабаронцы, так і заходнія партнёры Грузіі не раз крытыкавалі ўлады за недастатковую незалежнасць судовай сістэмы. У выніку турмы вельмі хутка апынуліся перапоўненыя, у пенітэнцыярнай сістэме склалася цяжкая сітуацыя, сістэматычна парушаліся правы зняволеных, што ў выніку адыграла значную ролю ў паражэнні партыі Саакашвілі на выбарах 2012 года.

3. Разгон мітынгу ў 2007 годзе — што гэта было?

7 лістапада 2007 года паліцыя з дапамогай слезацечнага газу і гумовых дубінак разагнала дэманстрацыю на праспекце Руставэлі, удзельнікі якой патрабавалі адстаўкі прэзідэнта. У той жа дзень спецназ уварваўся ў тэлекампанію “Імеды”, што належыць апазіцыйнаму бізнесмену Бадры Патаркацышвілі, і з ужываннем сілы перапыніў яе вяшчанне.

Улады тады апраўдвалі свае дзеянні тым, што спынілі спробу перавароту, скіраваную з Расіі. Аднак гэта не выратавала іх ад жорсткай крытыкі з боку заходніх партнёраў Грузіі.

Гэты дзень тады выглядаў як канец ўлады Саакашвілі. Аднак прэзідэнт абярнуў канфрантацыю на сваю карысць — выступаючы ў той жа дзень, ён абвясціў аб сваёй адстаўцы і прызначэнні пазачарговых выбараў, на якіх перамог з нязначнай перавагай над кандыдатам ад аб'яднанай апазіцыі.

4. Жнівеньская вайна — як Саакашвілі захаваў уладу, прайграўшы вайну.

Самы цяжкі крызіс за час прэзідэнцтва Саакашвілі надышоў у жніўні 2008 года, калі расійскія ўзброеныя сілы ўварваліся ў Грузію, умяшаліся ў канфлікт на тэрыторыі Грузіі на баку самаабвешчанай рэспублікі Паўднёвая Асеція.

Менавіта тады былі знятыя знакамітыя кадры BBC, на якіх Саакашвілі нервова жуе гальштук. Ён распавядаў потым, што замежныя дыпламаты і заходнія лідары раілі яму пакінуць краіну.

Аднак, калі Тбілісі ўжо пагражала рэальная небяспека з боку расійскіх войскаў, Саакашвілі склікаў у цэнтры Тбілісі шматтысячны мітынг, дзе на трыбуне побач з ім стаялі прэзідэнты Украіны, Польшчы, Эстоніі, Літвы і прэм'ер Латвіі.

У гэтыя гарачыя жнівеньскія дні ў Тбілісі для сустрэчы з Саакашвілі прыязджалі прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі, канцлер Германіі Ангела Меркель і дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс. У выніку перамоваў Саакашвілі падпісаў пагадненне аб спыненні агню, якое прадугледжвала адвод расійскіх войскаў на даваенныя пазіцыі, а грузінскіх — у месцы пастаяннай дыслакацыі. На гэтым гарачая фаза канфлікту скончылася.

Пазней, праз два гады пасля вайны, эксперт па Каўказе Томас дэ Ваал у сваім артыкуле “Чараўнік Міша” пісаў, што “два гады прайшло пасля таго, як Саакашвілі прайграў вайну. Тады ўсе лічылі дні да яго адстаўкі. Аднак ён па-ранейшаму бясспрэчны лідар Грузіі. Паводле апытанняў грамадскай думкі, па папулярнасці з ім не можа параўнацца ні адзін з апазіцыянераў”.

 

5. Прыход Іванішвілі — як Саакашвілі страціў ўладу

Сваю першую заяву аб прыходзе ў палітыку грузінскі мільярдэр Бідзіна Іванішвілі зрабіў у кастрычніку 2011 года. Да гэтага ён заставаўся на рэдкасць непублічнай фігурай — не даваў інтэрв'ю і практычна ніколі не паказваўся на публіцы. Нават яго фатаграфіі да гэтага моманту былі вялікай рэдкасцю.

У гэты час ужо была прынятая новая канстытуцыя, якая дазваляла Саакашвілі, пры жаданні, заставацца пры ўладзе колькі заўгодна ў якасці прэм'ер-міністра, паўнамоцтвы ж прэзідэнта ўрэзваліся. Апазіцыя была слабай, раз'яднанай і фінансава незабяспечанай. За год да парламенцкіх выбараў нічога не паказвала на тое, што “Нацыянальнаму руху” нешта перашкодзіць кіраваць яшчэ дзесяць гадоў.

Аднак самы багаты грузін, які карыстаецца на працягу многіх гадоў у Грузіі рэпутацыяй мецэната і філантропа, змог зрабіць так, што Саакашвілі страціў уладу. Іванішвілі сабраў вакол сябе стракаты альянс палітычных сіл і прымусіў Саакашвілі дапусціць мноства памылак — напрыклад, улады стваралі праблемы яго новай тэлекампаніі TV9, якую адмаўляліся трансляваць кабельныя аператары. Іванішвілі быў пазбаўлены грузінскага грамадзянства — з-за таго, што ў яго “раптам” выявіўся французскі пашпарт, ствараліся праблемы яго банку, кампаніям і прыхільнікам, публікаваліся аўдыёзапісы, у якіх паплечнікі Іванішвілі дрэнна пра яго адклікаліся, у тэлекампаніі, блізкай да ўлады, ішла ўзмоцненая прапаганда таго, што Іванішвілі — праект Пуціна.

Усё гэта выклікала толькі адваротную рэакцыю. Апошнім акордам стала абнародаванне тэлекампаніяй Іванішвілі непасрэдна перад выбарамі схаваных здымак здзекаў з вязняў. Усё гэта адбілася на выніках выбараў першага кастрычніка 2012 года — партыя Саакашвілі, пасля дзевяці гадоў кіравання, прайграла. Да ўлады прыйшла кааліцыя Іванішвілі “Грузінская мара”, якая кіруе Грузіяй да гэтага часу.

Прыход Іванішвілі апынуўся першым крызісам, з якім Саакашвілі справіцца не ўдалося.

 

6. Крымінальныя справы — за што пераследуюць Саакашвілі на радзіме.

Крымінальныя справы супраць Саакашвілі, якія сталі для яго чарговым крызісам пасля адстаўкі, з-за якіх ён не можа вярнуцца ў Грузію, распачатыя па чатырох эпізодах:

1. Злоўжыванне ўладай у сувязі з забойствам у студзені 2005 года банкаўскага служачага Сандро Гіргвліяні (ён быў знойдзены мёртвым на ўскраіне Тбілісі пасля сваркі з вышэйшымі чыноўнікамі МУС у рэстаране). Па гэтай справе былі асуджаныя чацвёра супрацоўнікаў МУС, аднак яны хутка выйшлі па амністыі. Следства лічыць, што менавіта Саакашвілі пакрываў рэальных злачынцаў.

2. Перавышэнне службовых паўнамоцтваў у сувязі з разгонам мітынгу 7 лістапада і разгромам тэлекампаніі "Імеды".

3. Перавышэнне службовых паўнамоцтваў у сувязі са збіццём апазіцыйнага дэпутата Валерыя Гелашвілі. Тыя, хто нападаў былі ў масках, расследаванне пры кіраванні Саакашвілі вінаватых не знайшло.

4. Растрата бюджэтных сродкаў. Першая справа па гэтым артыкуле, якая стала здабыткам грамадскасці, тычылася пакупкі за кошт дзяржавы шасці пінжакоў для прэзідэнта, а таксама абеду ў сушы-бары. Пазней да справы дадаліся адпачынак за дзяржаўныя грошы у фешэнэбельных гасцініцах, візіты ў касметычныя клінікі, масаж і пакупка адзення. Усяго сума растраты склала 8,8 мільёна лары (каля 3,3 мільёна долараў). У сувязі з гэтай справай была арыштаваная маёмасць сям'і Саакашвілі ў Грузіі — яго дача ў Кахеці, кватэра, якая належыць жонцы Саакашвілі Сандры Рулафс, а таксама 12-гадовая Хонда яго бабулі.

Сам Саакашвілі не прызнае прад'яўленых яму абвінавачванняў. Ні па адной з гэтых спраў пакуль няма рашэння суда. Саакашвілі ў Грузіі знаходзіцца ў вышуку, пракуратура перыядычна патрабуе ва Украіны яго экстрадыцыі.

JamNews

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі