Славу Кораню — 60!

Славу Кораню — 60!

Легендзе беларускага року Славу Кораню — 60! Еўрарадыё віншуе лідара гурта “Уліс” і жадае творчага плёну, моцнага здароўя і з’яўлення новых песень!

Слава Корань нарадзіўся ў Пскове ў сям’і настаўніцы і доктара. Неўзабаве сям’я пераязджае ў Мінск, дзе будучы музыка заканчвае школу і Мінскі радыётэхнічны інстытут. Музыкай пачынае займацца яшчэ ў школе. Свой першы гурт, “Ліфт”, стварае ў 1981 годзе — каманда выступае ў мінскай кавярні “Мерыдыян”. Праз год робіцца гітарыстам гурта “Студыя 7”, які ўзнік пад дахам Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута і пазней атрымаў назву “Бонда”.

У 1988 годзе Корань разам з Сяргеем Краўчанкам і Валерам Цініцкім пакідае “Бонду”. Да музыкаў далучаюцца Фелікс Аксёнцаў, Кірыл Шавандо і Андрэй Патрэй, і ўзнікае гурт “Уліс”, які грае вельмі модную альтэрнатыўную музыку для свайго часу.

У 1993 годзе адбываецца раскол у камандзе: яе пакідаюць усе музыкі, апроч Славы Кораня, які бярэ на сябе функцыю не толькі гітарыста, але і вакаліста і аўтара тэкстаў.

У дыскаграфіі гурта 12 альбомаў. Першы, “Чужаніца”, быў выдадзены вялікім накладам фірмай “Мелодыя”, другі, “Краіна доўгай белай хмары”, — на польскім лэйбле Polskie nagrania.
 
Разам з “Улісам” Слава Корань удзельнічаў у першым фестывалі “Басовішча” і цягам наступных 15 гадоў выступаў хэдлайнерам фэсту. Выступаў на фэстах “Рок па вакацыях”, “Тры колеры”, “Рок чыстай вады”, Be Free, “Салідарныя з Беларуссю”, а таксама на фестывалях у Эстоніі, Расіі, Польшчы.

Выступаў саўндпрадзюсарам альбомаў N.R.M., “Новага неба” і полацкай каманды Indra. Граў у “Новым небе” і “Народным альбоме”.

Цяпер жыве ў Варшаве і працуе музычным дырэктарам Еўрарадыё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі