Следчы камітэт заявіў, што памерлы ў Брэсце Шутаў нападаў на міліцыянтаў
Следчы камітэт у сваім Telegram-канале пракаментаваў смерць пратэстоўца Генадзя Шутава ў Брэсце.
Як распавядала Еўрарадыё, мужчына, паранены з агнястрэльнай зброі ў галаву, памёр у мінскім шпіталі 19 жніўня. З Брэста ў Мінск яго дастаўлялі на верталёце. Еўрарадыё даведалася дыягназ, які Шутаву паставілі брэсцкія медыкі: "Адкрытае пранікальнае агнястрэльнае раненне чэрапа. Удар — раскладанне галаўнога мозгу. Шматаскольчаты пералом зводу чэрапа з пераходам на аснаванне". Дачка брастаўчаніна пацвярджала, што ў бацькі быў пашкоджаны мозг.
Паводле звестак Следчага камітэта, у Брэсце 11 жніўня два мужчыны напалі на міліцыянтаў.
"Падчас нападу мужчыны наносілі ўдары, выкарыстаўшы металічную трубу, а таксама распачалі спробу завалодання агнястрэльнай зброяй, што пацвярджаецца матэрыяламі, якія ёсць у следства.
Папярэдне выяўлена, што, перарываючы супрацьпраўныя дзеянні нападнікаў праваахоўнікі ўжылі фізічную сілу. Адзін з іх, успрымаючы дзеянні падазраваных як рэальную пагрозу жыццю і здароўю і спыняючы спробы завалодаць табельнай зброяй, ужыў у дачыненні да нападніка зброю, стрэліўшы ў напрамку пляча. Аднак, з прычыны працяглага актыўнага супраціву мужчыны, ненаўмысна параніў яго ў вобласць галавы", — паведамляе прэс-служба СК.
У Следчым камітэце заяўляюць, што дадуць прававую ацэнку дзеянням нападнікаў. А таксама ацэняць правамернасць выкарыстання зброі міліцыянтам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.