Статкевіч правёў мітынг-пікет у цэнтры Мінска (абноўлена)
Экс-кандыдат у прэзідэнты, лідар “Народнай грамады” Мікола Статкевіч зладзіў мітынг на Плошчы Свабоды ў Мінску. Сваю акцыю ён праводзіць у фармаце перадвыбарчага пікету па зборы подпісаў, пад лозунгам “Абаронім Беларусь”.
У каментары Еўрарадыё палітык патлумачыў, што правёў такія пікеты ў 19 гарадах краіны.
“Сёння завяршальная сустрэча. У адрозненне ад папярэдніх, якія былі ў абласных і раённых цэнтрах, яна тэматычная. Мітынг прысвечаны абароне незалежнасці, бо гэта самая асноўная праблема: не будзе незалежнасці — не будзе нічога”, — сказаў Статкевіч.
Ён таксама лічыць акцыю легальнай, бо яе фармат адпавядае заканадаўству. Побач з пікетам Міколы Статкевіча разгарнуўся пікет прадстаўніцы матчынага руху 328, якая таксама збірае подпісы за сваё вылучэнне.
На пікет прыйшло каля 30 чалавек. Некаторыя з іх пад канец спалілі на Плошчы Свабоды свае пасведчанні сяброў ініцыятыўных груп. "Ахоўвалі" пікет блізу паўсотні міліцыянтаў у цывільным.
Таксама сёння стане канчаткова вядома, ці будуць кандыдаты ад “Народнай грамады” рэгістравацца на парламенцкіх выбарах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.