Стужка “Радзіма” можа атрымаць “еўраоскар”. Паразмаўлялі з яе суаўтаркай

Кадр з фільма

Кадр з фільма

У канцы гэтага тыдня ў Берліне будзе ўручаная штогадовая прэмія Еўрапейскай кінаакадэміі (далей — EFA). Ці “еўраоскар”, як яго нараклі журналісты. Важнасць сёлетняй падзеі для нас у тым, што сярод намінантаў дакументальнага конкурсу ёсць стужка “Радзіма” незалежных беларускіх дакументалістаў Ганны Бадзяка і Аляксандра Міхалковіча. За ўсю гісторыю прэміі, якая з’явілася ў 1988 годзе, гэта толькі другі беларускі фільм, што прабіўся ў намінанты. Першым стаў кароткаметражны док “Мы жывём на краі” Віктара Аслюка ў 2002 годзе.

“Радзіма” праз гісторыі беларускіх жанчын і юнакоў расказвае пра дзедаўшчыну ў беларускім войску і — шырэй — пра практыкі гвалту, дзякуючы якім рэжым Лукашэнкі кантралюе ўладу ў краіне.    

Стужка “Радзіма” можа атрымаць “еўраоскар”. Паразмаўлялі з яе суаўтаркай
Ганна Бадзяка / Белсат

Напярэдадні цырымоніі Еўрарадыё паразмаўляла з суаўтаркай фільма Ганнай Бадзяка пра важнасць удзелу ў прэміі для айчыннага кіно, рэакцыю беларусаў на фільм і ролю мастацтва ў палітычным жыцці краіны.

— “Радзіма” сёлета шмат павандравала па міжнародных фестывалях. І пэўным апагеем такога падарожжа можна лічыць цырымонію прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі, у якой фільм удзельнічае ў якасці намінанта. Як вы ставіцеся да ўдзелу ў міжнародных конкурсах, момантаў перамогі, а таксама паразы?

— Ведаеце, дастаткова спакойна. Цалкам натуральна, што калі ты ствараеш фільм, то трэба везці яго ўсім зацікаўленым у паказе пляцоўкам і гледачам. Я сапраўды ўдзячная кожнай такой магчымасці, бо гэта дапамагае трымаць беларускую тэматыку ў фокусе ўвагі замежнай аўдыторыі. Таксама гэта важны інструмент для прыцягнення ўвагі да краіны агулам і беларускага кіно.

— Ваша праца — другі беларускі фільм, які прабіўся ў намінанты EFA. Ці адчуваеце вы гістарычнасць моманту?

— Гэта складанае пытанне. Адчування гістарычнасці моманту, шчыра кажучы, няма. Проста спадзяюся, што гэта падштурхне і натхніць калег далей працаваць у гэтай сферы, бо сёння не найлепшыя часы для беларускага кіно і культуры агулам. Асэнсаваць гэты момант я яшчэ не паспела.

— Бачна, што замежная публіка цікавіцца фільмам, іх трыгераць моманты, звязаныя з гвалтам і ўсёдазволенасцю рэжыму ў сучаснай Беларусі. А што думаюць беларускія гледачы, якія паспелі паглядзець фільм? Якое ў іх стаўленне да паказанага на экране?

— Ідзе больш эмацыйная рэакцыя на ўбачанае. А так мы з Аляксандрам сутыкаліся з удзячнасцю ад гледачоў, у якіх атрымалася пабачыць фільм за мяжой. Вось зараз быў паказ у Тбілісі, і вельмі многія людзі з Беларусі, якія прыйшлі на паказ, плакалі, падыходзілі дзяліцца эмоцыямі і хваляваннем. Гэта вельмі важна і вельмі ўзрушвае. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі