Новы год, вайна і караоке. Топ-5 фільмаў кінафестывалю “Бульбамуві-2023”
Прапануем уласны спіс прац, на якія абавязкова трэба звярнуць увагу
Гэтым вечарам пачынае працу 9-ы кінафестываль “Бульбамуві”. На сёння гэта адзіная культурная падзея, якая адсочвае пульс і разнастайнасць незалежнага беларускага кіно, бо ў Беларусі праз рэпрэсіі гэта рабіць ужо немагчыма.
Паводле традыцыі за тры дні працы на фестывалі пакажуць некалькі дзясяткаў дакументальных і гульнявых стужак. Паколькі ўсе паглядзець проста немагчыма, Еўрарадыё склала ўласны топ прац, на якія абавязкова трэба звярнуць увагу.
“Развітанне”, рэж. Якуб Станкевіч (2023)
Фільм-адкрыццё фестывалю, на які адмыслова прасіў звярнуць увагу дырэктар “Бульбамуві” Януш Гаўрылюк падчас размовы на Еўрарадыё. І не дарма, бо “Развітанне” — гэта тужлівая гісторыя эміграцыі, зразумелая мноству беларусаў. У ім пераезд разглядаецца рэжысёрам не як вясёлая прыгода ў пошуках лепшага жыцця, а як сапраўды балючы разрыў сацыяльных і культурных сувязяў.
Герой стужкі робіць усё магчымае, каб застацца, упіраецца да апошняга, але ў выніку павінен з’ехаць з разуменнем, што, хутчэй за ўсё, назад ён больш ніколі не вернецца. Моцны фільм пра агульны лёс нацыі.
“Працэсы”, рэж. Андрэй Кашперскі (2023)
На мінулым “Бульбамуві” паказалі кароткаметражную чорную сатыру “Ператрымка”. У ёй затрыманых пратэстоўцаў змясцілі ў службовай кватэры амапаўца, бо месцы для адбыцця пакарання ў беларускіх турмах ужо скончыліся.
За год амбіцыйная стужка разраслася да гульнявога серыяла-анталогіі “Працэсы”, які цалкам (і ўпершыню у сваёй дзейнасці) прафінансаваў тэлеканал “Белсат”. У ім шоўранары — Андрэй Кашперскі і Міхась Зуй — давялі да суцэльнага маразму ўсю абсурднасць нашай звар’яцелай рэчаіснасці, у якой не існуе карысных рэчаў.
Гэтым разам абяцаюць паказаць дзве найбольш цікавыя серыі з чатырох створаных у першым сезоне.
“Кроў і караоке”, рэж. Юры Сямашка (2023)
Анімацыйнага конкурсу на “Бульбамуві” ніколі не існавала — і дарма, бо незалежная мультыплікацыя здольная здзівіць нават падрыхтаванага гледача. Гэта цалкам даказвае новая праца Юрыя Сямашкі — кінематаграфіста-самавучкі, чые стужкі “Смеццевая галава” ці “Калі я быў генерал” па смеласці і вынаходлівасці ўчыстую абыгрываюць прафінансаваны дзяржаўны кінематограф.
“Кроў і караоке” — гэта гісторыя персанальнага выкліку маленькага чалавека жорсткім законам патрыярхальнага грамадства, аформленая ў крывава-іранічных тонах стужак братоў Коэнаў.
Сапраўды, такой шчырасці і актуальнасці беларуская анімацыя яшчэ не ведала.
“Апошняя начная змена”, рэж. Максім Швед (2023)
Новая эксперыментальная праца дакументаліста Максіма Шведа, стваральніка знакавых стужак “Чыстае мастацтва” і “Маршрут перабудаваны”. Раней Максім не аднаразова прагаворваў, што падзеі 2020 года патрабуюць ад аўтараў вынаходніцтва новых спосабаў аповеду пра беларускую рэчаіснасць, пошукаў нетыповых метадаў узаемадзеяння з аўдыторыяй.
“Апошнюю начную змену” можна смела лічыць такой спробай вынайсці новую форму аповеду. Рэжысёр змантаваў фільм з відэаколаў, знятых сваёй дачкой Мелісай, супрацоўніцай аднаго з невялікіх хостэлаў. Там падчас Новага года разгортваецца сапраўдны трылер, асноўныя падзеі адбываюцца недзе за межамі кадру. Тым не менш гісторыя трымае цябе ў напружанні на працягу ўсяго прагляду.
“Хачу на вайну”, рэж. Алена Чарняўская (2023)
Пасля пачатку поўнамасштабнага ўварвання ва Украіну большасць украінскіх рэжысёраў пераключылася на фіксаванне і гэтай няпростай тэмы і рэфлексію вакол яе. Беларускія кінематаграфісты таксама паціху занураюцца ў тэму вайны з улікам таго, што нашых суайчыннікаў можна сустрэць па абедзве лініі фронту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.