Суд над экс-намеснікам старшыні "Белнафтахіма" пачнецца 14 красавіка

Былога топ-менеджара "Белнафтахіма" вінавацяць у атрыманні хабару. Сам ён знаходзіцца пад арыштам, нагадвае interfax.by. Волкаву інкрымінуюць восем эпізодаў злачыннай дзейнасці — фактаў атрымання хабару ад розных суб'ектаў гаспадарання. Падчас папярэдняга следства быў накладзены арышт на маёмасць падазронага, у тым ліку на дзве кватэры ў Мінску, гараж, аўтамабіль BMW Х5, каля 100 тысяч долараў, іншую маёмасць.



Нагадаем, што ў кастрычніку 2013 года Следчы камітэт пачаў крымінальную справу на Волкова па падазрэнні ў атрыманні хабару. Чыноўніка затрымалі пасля атрымання чарговай часткі хабару. Грошы перадаваў прадстаўнік адной з юрыдычных асоб за вырашэнне пытання аб узгадненні аб'ёмаў перапрацоўкі спадарожных прадуктаў нафты на прадпрыемствах канцэрна. Волкава вінавацілі ў атрыманні хабару ў 19 тысяч долараў.



Пазней Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што Волкава затрымалі за хабар пры размеркаванні кантрактаў, а ўслед за ім, нібыта, быў арыштаваны "цэлы шлейф яго паплечнікаў" з прыватных структураў. Сярод затрыманых у якасці падазраванага быў і бізнэсмэн Аляксей Алексін, які з'яўляецца заснавальнікам шэрагу прадпрыемстваў, праз якія рэалізоўваліся нафтапрадукты.



У канцэрне "Белнафтахім" Волкаў курыраваў нафтаперапрацоўчую прамысловасць, а таксама пытанні экспарту і імпарту нафтапрадуктаў.



Фота — interfax.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі