Сваякі былога міліцыянта Класкоўскага скардзяцца ў пракуратуру на катаванні
"Спыніце канцлагер у цэнтры Мінска", - пішуць у заяве Людміла і Вольга Класкоўскія.
Людміла і Вольга Класкоўскія, маці і сястра Аляксандра Класкоўскага, якога трымаюць у СІЗА КДБ паводле абвінавачання ва ўдзеле у масавых непарадках 19 снежня, накіравалі заяву ў пракуратуру Беларусі на імя генеральнага пракурора Рыгора Васілевіча, паведамляе Радыё Свабода.
"Спыніце канцлагер у цэнтры Мінска. У нас ёсць усе падставы меркаваць, што ў Аляксандра падчас затрымання і пазнейшых катаванняў былі зламаныя рэбры, супраць яго ужываюць моцныя псіхатропныя сродкі ды іншыя віды катаванняў", — пішуць у заяве Людміла і Вольга Класкоўскія. Жанчыны патрабуюць правесці праверку паказанняў розных сведак аб катаваннях у СІЗА КДБ, высветліць асобаў, якія затрымлівалі Аляксандра Класкоўскага і правесці праверку іх дзеянняў, а таксама прыцягнуць да адказнасці вінаватых у парушэнні закону.
Людміла і Вольга Класкоўскія ўжо некалькі гадоў жывуць за мяжой. "Я кожны дзень адпраўляю брату паштоўкі, з якіх ён дагэтуль не атрымаў ніводнай", — паведамляе у пракуратуру Вольга Класкоўская са Швецыі.