Святлана Ціханоўская сустрэлася з намеснікам дзяржсакратара ЗША

Святлана Ціханоўская / t.me/pulpervoi
Святлана Ціханоўская / t.me/pulpervoi

24 жніўня экс-кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская сустрэлася з намеснікам дзяржсакратара ЗША Стывенам Біганам, піша телеграм-канал "Пул Першай".

Галоўнай тэмай сустрэчы стаў палітычны крызіс у Беларусі.

— Выбары 9 жніўня не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі. Лукашэнка не карыстаецца падтрымкай беларускага народа або міжнароднай супольнасці. Кожны дзень ён адмаўляецца прыняць волю свайго народа, толькі падаўжаючы крызіс і пагаршаючы яго, — сказала Святлана Ціханоўская.

Падчас гутаркі з Біганам Ціханоўская зноў заявіла пра гатоўнасць вырашыць крызіс шляхам дыялогу. Экс-кандыдатка ў прэзідэнты выступае за пасярэдніцтва міжнародных арганізацый у гэтым дыялогу.

— Мы таксама патрабуем аб'ектыўнага расследавання злачынстваў, здзейсненых беларускімі ўладамі супраць свайго народа. У той жа час мы заклікаем усе краіны паважаць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі.

Святлана Ціханоўская падзякавала Злучаным Штатам за іх падтрымку мірных дэманстрантаў у Беларусі.

Сустрэча прайшла ў Вільні, куды Ціханоўскай давялося з'ехаць пасля жорсткага падаўлення пратэсту беларускімі ўладамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі