Танны піяр ці сапраўдны прарыў? Што дае Беларусі ўступленне ў ШАС

Эмблема Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва

Эмблема Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва / yuz.uz

“Гістарычны момант — Беларусь стала паўнавартасным чальцом Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва”, — так пафасна адрэагаваў тэлеграм-канал Лукашэнкі на падпісанне ў Астане дакументаў па ўступленні краіны ў ШАС. Няўжо далучэнне Беларусі да чарговага палітычнага аб’ядання, у якое да таго ж уваходзяць азіяцкія краіны: Кітай, Расія, Казахстан, Таджыкістан, Кыргызстан, Узбекістан, Індыя, Пакістан, Іран — гэта сапраўды “гістарычны момант”?

Чаму беларуская прапаганда так радуецца і на якія бонусы ад уступлення ў ШАС разлічвае Лукашэнка? Еўрарадыё спытала пра гэта ў палітычнага аналітыка Арцёма Шрайбмана.

“Магчымасць часцей бачыць уплывовых лідараў іншых краінаў”

На думку эксперта, ШАС падобная на некаторыя постсавецкія інтэграцыйныя аб'яднанні.

“Гэта пляцоўка, якая найперш патрэбная Лукашэнку, каб мець ​​платформу для сустрэчы з іншымі лідарамі ўплывовых краінаў свету. У гэтым выпадку — у першую чаргу Кітая”.

Аналітык кажа, што мэта ўступлення ў ШАС — паглыбленне дыпламатычных стасункаў.

“Улады лічаць, што, калі на поўных правах уступіць у арганізацыю, якая ўзначальваецца па факце Кітаем, гэта павысіць прэстыж Беларусі ў вачах кітайскіх кіраўнікоў. І, магчыма, дазволіць нейкім чынам манетызаваць новыя магчымасці, заахвоціць кітайцаў інвеставаць у Беларусь, дапамагаць з дыверсіфікацыяй гандлю і гэтак далей. [Але] па факце тут не так шмат нейкіх сур'ёзных сэнсаў”.

Лукашэнка спрабуе паказаць усім, у тым ліку сваёй аўдыторыі, Захаду, Расіі і іншым краінам, што ён не ізаляваны, запатрабаваны і легітымны.

“Што з закрыццём заходняга вектару замежнай палітыкі нічога не змянілася і яго гатовыя прымаць на іншых пляцоўках. То-бок у цэлым гэта такі вялікі піяр-ход. Я тут не бачу чагосьці большага і нейкай непасрэднай сувязі з пашырэннем магчымасцяў для Беларусі. Нельга сказаць, што факт таго, што Лукашэнка стаў паўнапраўным сябрам ШАС, нейкім чынам паспрыяе аўтаматычнаму росту таваразвароту. Гэта, па сутнасці, простая дыпламатыя і магчымасць на прыступку бліжэй і часцей бачыць уплывовых лідараў іншых краінаў”, — падсумоўвае Шрайбман.

“Узаемная выдача людзей з тэрыторыі краін ШАС відавочная”

Між тым уступленне ў ШАС адкрывае для Беларусі магчымасці супрацы ў розных галінах, не толькі палітычнай і эканамічнай. На гэта ў фэйсбуку звярнула ўвагу адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна.

“Хаця кажуць, што [ШАС] гэта не ваенны саюз, але яе чальцы рэгулярна ўдзельнічаюць у сумесных антытэрарыстычных вучэннях. У межах ШАС з 2005 да 2021 года прайшло дзесяць вайсковых вучэнняў "Місія міру", шэсць разоў праходзілі сумесныя вучэнні спецслужбаў і праваахоўных органаў”.

Для Беларусі адкрыецца магчымасць выкарыстоўваць досвед Кітая ў сферы інфармацыйнай бяспекі, стварэння так званых "разумных гарадоў" і лічбавага кантролю над грамадзянамі. 

“Кітай ужо з'яўляецца асноўным пастаўшчыком абсталявання і тэхналогій для Беларусі пасля ўвядзення санкцый. Рэжым хутчэй за ўсё будзе ўкараняць сістэмы сачэння за грамадзянамі”.

Яшчэ адзін напрамак супрацоўніцтва — абмен прававой інфармацыяй у інтарэсах развіцця супрацоўніцтва ў межах ШАС. 

“Я так разумею, узаемная выдача людзей з тэрыторыі краін ШАС відавочная. Такім чынам, Казахстан і Індыя небяспечныя, калі грамадзянін Беларусі ўцякае ад пераследу.

На тэрыторыі Беларусі будзе таксама дзейнічаць Рэгіянальная антытэрарыстычная структура. Будзе адзіны банк даных тэрарыстычных арганізацый і экстрэмістаў. РАТС будзе садзейнічаць праваахоўным органам”.

З меркаваннем Марыі Колесавай-Гудзілінай не зусім згодны адвакат-міжнароднік Алесь Міхалевіч.

“Думаю, што [уступленне ў ШАС] можа прывесці да больш шчыльнай супрацы па абмене інфармацыяй, але ў кароткатэрміновай перспектыве я небяспекі не прадбачу. Стварэнне базаў даных, што стабільна працуюць, сутыкаецца з рознымі праблемамі, пачынаючы з вызначэння мовы, на якой база вядзецца”.

Што да лічбавага кантролю над грамадзянамі, то, паводле юрыста, Кітай у гэтым плане сапраўды мае чым падзяліцца са сваімі партнёрамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі