Беларусь не губляе надзеі набыць у Кітая электравозы ў абыход санкцый

Беларуская чыгунка ўсё яшчэ хоча купіць кітайскія цягнікі, але Кітай не спяшаецца / Сообщество железнодорожников Беларуси
Беларуская чыгунка (БЧ) ізноў спрабуе дамовіцца з Кітаем пра набыццё электравозаў, нягледзячы на шматлікія адмовы кітайскага боку праз санкцыйныя рызыкі, піша Супольнасць чыгуначнікаў. Беларусь ужо некалькі гадоў робіць спробы атрымаць новыя электравозы, але Кітай не хоча рызыкаваць супрацоўніцтвам з еўрапейскімі і амерыканскімі кампаніямі.
У апошнія гады беларускія чыгуначныя электравозы састарэлі і патрабуюць замены, адзначаюць чыгуначнікі. Аднак новую тэхніку Беларусь хоча закупляць не ў Расіі, а ў Кітаі.
Чаму менавіта кітайскія электравозы?
Гэта тлумачылася як больш выгаднай цаной, так і якасцю тэхнікі. З 2012 года БЧ набыла 12 двухсекцыйных электравозаў БКГ1 і 18 аднасекцыйных БКГ2, вырабленых на Датунскім заводзе кампаніі CRRC. Гэтыя лакаматывы прывязаныя да дэпо ў Баранавічах, дзе знаходзіцца найбуйнейшая рамонтная база краіны.
У 2023 годзе планавалася новая закупка — 15 дадатковых электравозаў БКГ2. Але з-за санкцый супраць Беларусі пастаўкі былі адмененыя. Кітайскія інвестары, якія фінансавалі здзелкі, адмовіліся выдзяляць крэдыты, а сам вытворца асцерагаўся другасных санкцый ад Захаду.
Варыянты абыходу санкцый
Беларускі бок прадпрымаў розныя спробы абысці санкцыі. Сярод варыянтаў разглядалася купля электравозаў праз пасярэднікаў з “дружалюбных” краін, пастаўка ў выглядзе лакаматыўных камплектаў без прамога ўказання на вытворцу, або схаванне паходжання еўрапейскіх і амерыканскіх дэталяў, якія выкарыстоўваюцца ў электравозах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.