ТОП-11 пытанняў і адказаў пра работу Народных амбасадаў Беларусі

Консул Дзед Мароз на выдачы альтэрнатыўных пашпартоў беларусам у Германіі / DW
Консул Дзед Мароз на выдачы альтэрнатыўных пашпартоў беларусам у Германіі / DW

У канцы 2020-га, заявіўшы, што МЗС і амбасады Рэспублікі Беларусь праводзяць палітыку ў інтарэсах злачыннага рэжыму і не могуць прадстаўляць інтарэсы беларусаў за мяжой, прадстаўнікі дыяспары выступілі з ініцыятывай стварэння Народных амбасадаў.

За два гады гэты праект стаў паўнавартасным удзельнікам дыпламатычнай працы дэмакратычнай Беларусі.

Сёння Народныя амбасады абараняюць інтарэсы нашых грамадзян за мяжой, праводзячы адвакацкія кампаніі і кансультацыі па пытаннях легалізацыі і атрымання дакументаў. У Швецыі вядзецца праца па спрашчэнні атрымання міжнароднай абароны. У Эстоніі дамагліся выдачы гуманітарных віз і відаў на жыхарства для студэнтаў і айцішнікаў. У Славеніі выступілі супраць экстрадыцыі беларуса на запыт Інтэрпола: наведалі яго ў турме, падрыхтавалі доказы палітычных пераследаў і катаванняў у беларускіх турмах, якія былі ўлічаныя судом…

“Па праўдзе, працы шмат. Любая чалавечая дапамога вельмі важная", — кажуць валанцёры ініцыятывы і запрашаюць усіх ахвотных далучацца да кампаніі.

Еўрарадыё наведала канферэнцыю, якую ўдзельнікі праекта арганізавалі ў гонар свайго двухгоддзя, і падрыхтавала падборку самых цікавых пытанняў і адказаў, звязаных з дзейнасцю Народных амбасадаў.

ТОП-11 вопросов и ответов о работе Народных посольств Беларуси
Афармленне сімвалічнага пашпарта беларуса за мяжой / DW

Хто вас арганізаваў і каму вы падпарадкоўваецеся?

Гэта была ўнутраная ініцыятыва саміх прадстаўнікоў Народных амбасадаў. Мы самаарганізаваліся і прадстаўляем інтарэсы беларусаў. У шырокім сэнсе мы падпарадкоўваемся народу Беларусі.

Як гэта аформлена юрыдычна?

Юрыдычна Народныя амбасады нідзе не зарэгістраваныя, бо гэта ініцыятыва прадстаўнікоў дыяспары. Калі пытанне тычыцца юрыдычнага прызнання, у глабальным сэнсе яго няма, але ёсць прызнанне тых ці іншых яго функцый, якое неабходна для легітымізацыі працы. На сайце Народных амбасадаўможна пазнаёміцца з іх дзейнасцю і пачытаць дэкларацыю.

Крыніца фінансавання?

Яе няма. Ужо два гады Народныя амбасады Беларусі працуюць як незалежная валанцёрская структура.

Штат? Заробкі работнікаў?

Да двухгоддзя мы падрыхтавалі справаздачу аб сваёй працы. Гэта толькі частка таго, што зроблена. У нас няма зарплаты або памяшканняў. Калі вы можаце чым-небудзь дапамагчы, звяртайцеся. Мы заўсёды адкрытыя для новых людзей, канструктыўнай крытыкі, новых ідэй. Звяртайцеся — будзем абмяркоўваць іх разам.

Нам вельмі патрэбныя новыя валанцёры, якія былі б гатовыя працаваць на Народныя амбасады. Такія людзі — кроў нашай арганізацыі. У нас усё робіцца на валанцёрскім грунце.

Ці могуць Народныя амбасады кантраляваць выдачу віз і падарожжы паслугачоў рэжыму? Час ад часу прапагандыстаў заўважаюць у еўрапейскіх краінах…

Ніякая амбасада не можа кантраляваць выдачу віз. Візу выдае краіна, у якую чалавек мае намер прыехаць. Задача Народнай амбасады — як і любога замежнага прадстаўніцтва — атрымліваць, збіраць, апрацоўваць аб'ектыўную інфармацыю пра падзеі ў краіне знаходжання і інфармаваць усе зацікаўленыя структуры пра гэта.

Калі ў рамках гэтай працы ў полі зроку работнікаў амбасадаў апынуцца такія ваяжоры з рэжымнай Беларусі, мы маем каналы камунікацыі, па якіх можам такую інфармацыю перадаць кампетэнтным органам. Дапускаю, што па выніках такой камунікацыі такіх ваяжоў стане менш.

Чым простыя беларусы могуць дапамагчы Народным амбасадам?

У першую чаргу нам не хапае чалавечых рэсурсаў, таму будзем рады любому ўнёску ў нашую працу. Прыходзьце, валанцёрце, дапамагайце. Часам гэта пераклады, часам перапіска — проста не хапае рук.

Таксама дзяліцеся нашымі кантактамі з людзьмі, якія аказаліся ў нейкіх праблемных сітуацыях за мяжой.

Беларусы з Беларусі могуць дзяліцца з намі сваімі думкамі наконт таго, што мы можам рабіць для іх. Мы стараемся трымаць пад увагай актуальнае становішча максімальна, але паколькі не знаходзімся ўнутры Беларусі і не перажываем усё, што адбываецца з вамі зараз, а толькі сочым з-за мяжы, мы выдатна разумеем, што штосьці прапускаем. Мы гатовыя да новых прапаноў.

Як наладжаны механізм абскарджвання працы?

Пішыце на чат бот Народных амбасадаў Беларусі. Нам вельмі цікавая рэакцыя, каторую атрымліваем. Пішыце, будзем прымяняць меры.

Ці збіраюцца Народныя амбасады прымаць удзел у абноўленай Каардынацыйнай радзе?

Мы працуем з усімі дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Лічым, што Каардынацыйная рада — вельмі важны механізм і інструмент у стварэнні новай Беларусі і дэмакратычнай прававой дзяржавы. Сачыце за актуальнымі падзеямі.

Народныя амбасады Беларусі — гэта самастойная структура ці яна падпарадкоўваецца Офісу Святланы Ціханоўскай?

З першага дня працы мы прадстаўляем сябе як незалежную ініцыятыву. Але мы працуем разам з прафесійнымі дыпламатамі з Народнага антыкрызіснага кіравання, Офісам Святланы Ціханоўскай, Аб'яднаным пераходным кабінетам, Каардынацыйнай Радай, Беларускай радай культуры, нейкімі іншымі фондамі.
Мы разам працуем, абмяркоўваем становішча, але застаемся незалежнай ініцыятывай.

Калі Народныя амбасады пачнуць выдаваць пашпарты беларусам? Ануляваць пашпарты праз Інтэрпол сілавікі змогуць каму заўгодна. У некаторых беларусаў заканчваюцца тэрміны дзеяння пашпартоў і ў консульствах іх адпраўляюць мяняць дакументы на Радзіму.

Гэтае пытанне з'яўляецца прыярытэтным для Аб'яднанага пераходнага кабінета. Гэта залежыць не толькі ад нас. Зараз мы праводзім усю неабходную працу з пункту гледжання распрацоўкі саміх узораў дакументаў. Было праведзена тры раўнды кансультацый. І нават з камісарам Еўрапейскага саюза, які адказвае за пытанні міграцыі.

Гэта вельмі складаны і дэталёвы працэс абмеркаванняў, узгадненняў прынцыпаў і падыходаў. Шляхі вырашэння гэтых задач — магчымая згода ўсяго Еўрапейскага Саюза на выдачу дакумента, які мог бы пацвярджаць асобу грамадзяніна Беларусі, або двухбаковыя пагадненні.

Усё гэта пакуль у перспектыве. Не хочацца ствараць ілюзію надзеі, што пытанне вырашанае. Тэма вельмі складаная, але мы над ёй працуем. Гарантуем, што каб мы змаглі прасунуцца ў вырашэнні гэтага пытання, зараз над гэтым працуюць самыя лепшыя спецыялісты.

Ці ёсць планы адкрыць Народную амбасаду Беларусі ва Украіне? Беларусы, якія там засталіся — гэта ваяры, валанцёры, людзі, якія вельмі рызыкуюць сваімі жыццямі.

Кожную хвіліну мы глядзім у бок Украіны. Менавіта там цяпер вырашаецца лёс усёй Еўропы — будзем мы жыць у мірным дэмакратычным свеце альбо шлях да яго будзе занадта доўгім.

Мы прыкладаем усе намаганні для таго, каб запусціць праект Інфармацыйнага цэнтра Беларусі ва Украіне зноў і зрабіць паўнавартасную Народную амбасаду. Мы пачынаем працаваць над гэтай тэмай вельмі сур'ёзна. Прыходзьце, нам патрэбна ваша дапамога.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі