Трох дзяўчат затрымалі за відэа пра тое, "адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад"
У Мінску супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі трох навучэнак Мінскага дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага каледжа. Нагодай стала відэа ў Tik-Tok, перадаюць праваабаронцы.
Адна са студэнтак размясціла ў сацсетцы відэа з пародыяй на вядомае выказванне Лукашэнкі пра тое, "адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад". Міліцыянты знялі з дзяўчынай "пакаяльнае відэа".
"У мяне ёсць акаўнт у Tik-Tok, куды я запампавала два відэаролікі апазіцыйнага характару. На дадзены момант за гэтыя ролікі я затрыманая супрацоўнікамі міліцыі", — кажа ціктокерка. Дарэчы, у сацсетцы ў яе 1759 падпісчыкаў.
Пасля затрымання "ролікі апазіцыйнага характару" з яе акаўнту зніклі.
Таксама ў ГУБАЗіКу заявілі, што ў дзяўчыны былі ролікі з акцый пратэсту. Разам з ёй затрымалі яе сябровак, якія трапілі на відэа.
Пазней з'явіліся звесткі, што дзяўчат адпусцілі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.