У Беларусі прызналі "экстрэмісцкай" прадмову да кнігі Дуніна-Марцінкевіча
Зборнік твораў В. Дуніна-Марцінкевіча быў 100-й кнігай у серыі "Беларускі кнігазбор" / НАН Беларусі
Паводле заявы пракуратуры Мінска "экстрэмісцкімі матэрыяламі" былі прызнаныя прадмовы Язэпа Янушкевіча да збору твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, а таксама некалькі твораў з гэтага зборніка — "Плывуць вятры" і "Гутарка старога дзеда". Выданне выйшла ў серыі "Беларускі кнігазбор".
"Плывуць вятры" і "Гутарка старога дзеда" — гэта вершы, якія з'явіліся падчас паўстання Кастуся Каліноўскага. У іх гучыць заклік да барацьбы супраць Расійскай імперыі. Так, у сакавіку 1862 года часовы ваенны губернатар Мінскай губерні генерал-маёр Кушалёў пісаў, што "по полученным мною правдивым сведениям выясняется, что помещиком Марцинкевичем написаны на народном белорусском языке возмутительное стихотворение под заглавием "Гутарка старого деда", что имеет целью возбудить крестьян западных губерний против правительства,.. и что г. Мартинкевич старается распространять произведение свое… среди простого народа".
"Выбраныя творы" Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча сталі 100-й кнігай выдавецтва "Кнігазбор". У 2019 годзе дзяржаўнае інфармагенцтва БЕЛТА пісала пра гэты зборнік як пра ўнікальную кнігу. Язэп Янушкевіч быў яе ўкладальнікам, а таксама напісаў прадмову і каментары да выдання. Адзначым таксама, што літаратуразнаўца і архівіст Язэп Янушкевіч пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006-га года быў звольнены з Інстытута літаратуры НАН і з Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы. На думку навукоўца, скарачэнне з Інстытута было звязанае з яго "празмерным" — у разуменні чыноўнікаў — захапленнем спадчынай Дуніна-Марцінкевіча і іншых вядомых беларускіх літаратараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.