У брытанскім афшоры знайшлося 19 беларускіх кампаній

Фірму гэтую заснавалі на імя Аляксандра ў 2002 годзе. У 2009 годзе яе ўзначаліла масквічка Ірына Архіпава. Блогер Юрась Зянковіч, які першым выявіў імя Лукашэнкі, звязвае перарэгістрацыю з тымі санкцыямі, якія Захад увёў супраць кіраўніка Беларусі. Зрэшты, не выключана, што ў спісе фігуруе цёзка беларускага лідара.



Базу звестак абнародаваў Міжнародны кансорцыўм журналістаў-расследавальнікаў. Цалкам з ёй можна пазнаёміцца на сайце offshoreleaks.icij.org. У базе на запыт Belarus знаходзіцца 19 запісаў пра кампаніі і 28 беларускіх адрасоў.

***

Іосуб: Без дазволу Нацбанку беларусы не могуць рэгістраваць фірмы за мяжой


Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра Альпары ў Мінску Вадзім Іосуб каментуе рассакрэчванне інфармацыі пра беларускія афшорныя кампаніі.


Іосуб: "Тут нават не важна, афшорная ці неафшорная юрысдыкцыя. Паводле нашага заканадаўства, заснаванне такой замежнай кампаніі — гэта аперацыя, звязаная з рухам капіталу. І на такую аперацыю неабходна атрымоўваць дазвол Нацбанку. І калі фірма выступае заснавальнікам, і калі — фізічная асоба".


Разам з тым, эксперт звяртае ўвагу на тое, што ў кожным канкрэтным выпадку трэба разбірацца асобна і ўважліва — ці з'яўляецца фірма-заснаваьніца беларускай і ці з'яўляецца заснавальнік грамадзянінам Беларусі.


Нагадаем, сёння былі абнародаваныя спісы кампаній, зарэгістраваных у афшорнай зоне на Брытанскіх Вірджэнскіх астравах. Сярод іх фігуруе 19 беларускіх фірмаў. Ёсць нават кампанія, зарэгістраваная на нейкага Аляксандра Лукашэнку.

***

Афшорная зона (ад англ. off shore — па-за берагам) — тэрыторыя дзяржавы або яе частка, у межах якой для кампаній-нерэзідэнтаў дзейнічае асаблівы льготны рэжым рэгістрацыі, ліцэнзавання і падаткаабкладання, як правіла, пры ўмове, што іх прадпрымальніцкая дзейнасць ажыццяўляецца па-за межамі гэтай дзяржавы. Як правіла афшорныя зоны — гэта невялікія дзяржавы трэцяга свету.


У афшорнай зоне:


- спрошчаны і паскораны працэс рэгістрацыі нерэзідэнтаў, пры якім выплачваецца чыста сімвалічная сума;


- па заніжаных стаўках выплачваюцца нерэзідэнтамі падаткі з прыбытку і падаходны падатак з фізічных асоб;


- гарантуецца канфідэнцыйнасць дзейнасці афшорных кампаній, яны вызваленыя ад дзяржаўнага валютнага кантролю.


Афшорная кампанія — гэта прадпрыемства, зарэгістраванае ў краіне з ільготным падаткаабкладаннем (афшорнай зоне). Такая кампанія плаціць мінімальны падатак у краіне, дзе зарэгістраваная, а ў сваёй краіне не плаціць падаткаў зусім.

З адкрыццём афшорнай кампаніі яе ўладальнік можа лёгка адкрыць банкаўскі рахунак у замежным банку з вельмі высокім узроўнем канфідэнцыйнасці, выкарыстоўваючы папулярныя крэдытныя або дэбетныя карты, якія затым можна выкарыстоўваць па ўсім свеце.

Афшорная кампанія можа займацца любым відам бізнесу, атрымліваючы вялікія прыбыткі за кошт зніжэння выплаты падаткаў.


Брытанскія Віргінскія астравы, як і Багамскія астравы, Кайманавы астравы і Беліз, характарызуюцца высокай ступенню канфідэнцыйнасці для ўладальнікаў афшорных кампаній і амаль поўнай адсутнасцю кантролю з боку ўладаў за дзейнасцю такіх кампаній. Менавіта таму салідныя кампаніі і банкі не хочуць мець з імі фінансавых адносін.

Брытанскія Віргінскія астравы — група з 36 астравоў і астраўкоў (агульнай плошчай 153 км ²), размешчаных на паўночны ўсход ад Амерыканскіх Віргінскіх астравоў. Населеныя толькі 16 астравоў і астраўкоў.

Сталіца — Род-Таўн, знаходзіцца на востраве Тартола. Насельніцтва ўсіх астравоў складае каля 25 тысяч чалавек, пры гэтым прыкладна 90% з іх пражывае на Тартола.

Брытанскія Віргінскія астравы — брытанская заморская тэрыторыя. Афіцыйная мова — англійская. Асноўная валюта — долар ЗША.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі