У Францыі абшукалі штаб-кватэру McDonald’s
Французскія ўлады правялі вобшук у штаб-кватэры сеткі рэстаранаў хуткага харчавання McDonald’s у прадмесці Парыжа. Гэта адбылося яшчэ 18 траўня. Як паведамляе ВВС са спасылкай на неназваныя крыніцы, падчас ператрусу з офісу забралі дакументы, а самі вобшукі праводзілі ў сувязі з падазрэннямі ва ўхіленні ад уплаты падаткаў.
Карпарацыю падазраюць у тым, што яна заніжала свае падатковыя выплаты і пераводзіла частку прыбыткаў ад дзейнасці ў Францыі на Люксембург. У гэтай краіне працуе прадпрыемства McD Europe Franchising, якому выгадна выстаўляць свайму французскаму аддзяленню больш высокія рахункі за выкарыстанне брэнду і іншыя паслугі. Такім чынам, прыбыткі выводзяцца ў краіну з больш нізкімі падаткамі.
Папярэдняе следства па гэтай справе пачалося ў студзені гэтага года. Французскія ўлады выставілі McDonald’s рахунак на 300 мільёнаў еўра за нявыплачаныя падаткі.
У гэтым месяцы ў Парыжы абшукалі офіс Google — таксама па справе аб ухіленні ад ўплаты падаткаў.