28-гадовы ціктокер. Хто ён — галоўны прэтэндэнт на пасаду прэм'ера Францыі?
Хто такі Жардан Бардэла?
Калі ультраправая партыя "Нацыянальнае аб'яднанне" 7 ліпеня пераможа ў другім туры парламенцкіх выбараў у Францыі, у гісторыі гэтай краіны можа з'явіцца самы малады прэм'ер-міністр — 28-гадовы Жардан Бардэла.
Асаблівай папулярнасцю палітык карыстаецца ў моладзі. Чаму?
Еўрарадыё каротка расказвае, хто такі Жардан Бардэла і чым ён вядомы.
Супраць эмігрантаў... сын эмігрантаў
Жардан Бардэла нарадзіўся 13 верасня 1995 года ў Дрансі. Ён паходзіць з сям'і з італьянскімі і алжырскімі каранямі: яго сям'я пераехала ў Францыю ў 1960-я гады з Турына.
Яго бацька, Аліўе Бардэла, мае алжырскія карані, ён кіраваў кампаніяй па вытворчасці гандлёвых аўтаматаў, а маці, Луіза Бертэлі-Мата, працавала клеркам. Яны рассталіся, калі Жардан быў яшчэ дзіцем.
Будучы палітык вырас у Сен-Дэні, на поўнач ад Парыжа — адным з самых бедных раёнаў сталіцы. Гэтае месца вядомае высокім узроўнем злачыннасці і вялікай колькасцю імігрантаў.
Сёння Бардэла заклікае ўвесці абмежаванні на міграцыю ў Францыі і змяніць закон пра аўтаматычнае наданне грамадзянства дзецям, якія нарадзіліся ў Францыі. Ён асуджае злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, і "ісламізм, што квітнее ў краіне".
Магчымы прэм'ер без вышэйшай адукацыі
Бардэла скончыў каталіцкую сярэднюю школу, а потым паступіў на геаграфічнае аддзяленне ў Парыжскі ўніверсітэт Сарбоны, але так і не атрымаў дыплом.
Акрамя гэтага, ён мае вельмі актыўную аўдыторыю ў TikTok з 1,8 млн падпісчыкаў. Бардэла выкарыстаў свае ролікі ў сацыяльных сетках, каб пашырыць уплыў "Нацыянальнага аб'яднання" сярод моладзі. І, здаецца, тактыка спрацавала: у першым туры выбараў ультраправыя атрымалі перамогу.
Бардэла заявіў, што, калі яго партыя атрымае абсалютную большасць пасля другога тура выбараў, "ён стане прэм'ер-міністрам, які будзе паважаць прэзідэнта Эманюэля Макрона".
Марын Лё Пэн пракаментавала вынікі выбараў больш рэзка, заявіўшы, што лагер прэзідэнта Макрона быў "амаль цалкам знішчаны" ў першым туры выбараў.
Калі "Нацыянальнаму аб'яднанню" ў суме ўдасца заваяваць 289 месцаў з 577, Бардэла будзе прызначаны прэм'ер-міністрам Францыі.
За што выступае "Нацыянальнае аб'яднанне"?
"Нацыянальнае аб'яднанне" — папулісцкая партыя, якая выступае, прасцей кажучы, "за ўсё добрае" і абяцае залатыя горы. У выпадку перамогі яны плануюць знізіць і падаткі, і цэны, што эксперты і эканамісты лічаць нерэалістычным.
Адзін з асноўных пунктаў партыі — барацьба з міграцыяй, Бардэла заяўляў пра неабходнасць у тым ліку пазбавіць медыцынскай дапамогі тых, хто знаходзіцца ў Францыі без неабходных дакументаў.
У замежнай палітыцы "Нацыянальнае аб'яднанне" адносіцца да еўраскептыкаў. Многіх сябраў партыі падазраюць у сувязях з Расіяй, некаторыя дэпутаты наведалі акупаваны Крым і выступалі супраць санкцый. Цяпер Бардэла кажа, што працягне падтрымку Украіны — але з многімі "але": без дальнабойнай зброі, без інструктараў, не на шкоду Францыі і далей па спісе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.