“Трэба чакаць яшчэ навін”. Кіраўніца “Палітвязынкі” — пра вызваленне палітвязняў
Жаночая калонія №4, Гомель
Заснавальніца ініцыятывы “Палітвязынка” Яўгенія Доўгая не цікавіцца тым, як стала магчымым вызваленне некаторых палітвязняў. Яна шчыра кажа, што проста радая таму, што цяпер людзі могуць пабыць з роднымі.
Еўрарадыё пагаварыла з Жэняй пра галоўную навіну гэтых дзён.
— Асобы колькіх вызваленых ты ўжо ведаеш?
— Я дакладна ведаю імёны сямі чалавек, асобу восьмага пацвярджаем. З гэтых васьмі чалавек толькі трое — жанчыны.
З адной з іх я размаўляла. Гэта была вельмі кароткая размова. Жанчына была вельмі разгубленая, яна не чакала, што яе адпусцяць. Яна трымала эмоцыі, не выказвала іх і не ведала, што ёй рабіць далей, што гэта ўсё значыць. Далейшых яе планаў я не ведаю.
Самае балючае для мяне пытанне — чаму выйшла так мала жанчын. Усе мінулыя суткі я толькі і раблю, што камунікую з былымі палітвязынкамі, і яны ўсе пытаюць, чаму выпусцілі так мала жанчын. А між тым сярод жанчын вельмі шмат людзей сталага ўзросту, пенсіянерак.
Вельмі балючае для мяне пытанне — вызваленне Галіны Дзербыш, у якой анкалогія і якая асуджаная на 20 гадоў. Калі Лукашэнка сказаў, што будуць вызваляць цяжка хворых, я адразу падумала пра Галіну Дзербыш, Алу Зуеву і Ксенію Луцкіну.
Думаю, трэба чакаць яшчэ навін. У мяне ёсць вялікая надзея, што гэта не канец.
— Андрэй Стрыжак пісаў, што некаторым з вызваленых заставалася адседзець зусім няшмат…
— Гэта не так. Сярод вызваленых не толькі тыя, каму засталося адседзець нядоўгі тэрмін, толькі пара чалавек. Слухайце, ну і ў кожнага сваё разуменне словаў “вельмі мала засталося”. Для некаторых людзей нават вызваленне на дзень раней за тэрмін — гэта свята.
А ёсць сярод іх людзі, якім заставалася сядзець больш за год — і гэта вялікі тэрмін.
— Як ты разумееш гэтае вызваленне? Што адбываецца?
— Што гэта? Я не ведаю. Я толькі маленькі чалавек, якому баліць сэрца, калі ён назірае за гэтым. Я думаю толькі пра тое, каб людзі як мага хутчэй выйшлі. І мне здаецца, што цяпер людзям, якія выходзяць, абсалютна ўсё роўна, што гэта. І я думаю таксама: мне ўсё роўна, што гэта.
Андрэй Стрыжак два пасты напісаў, каб пакрытыкаваць словы Вольгі Гарбуновай, якая назвала гэтую амністыю гуманным жэстам [прадстаўніца АПК па сацыяльнай палітыцы Гарбунова назвала “вельмі важным крокам гуманнасці” вызваленне шэрагу палітвязняў. — Еўрарадыё].
Я не бачу ў тым, што яна сказала, нечага кепскага. А ў чым бачу? Памятаю, як 2 снежня 2023 года прайшлі першыя слуханні па пошуку спосабаў вызваліць палітвязняў, і некаторыя праваабаронцы назвалі “адбельвальнікамі рэжыму” сваякоў зняволеных, якія просяць вызвалення прынамсі хворых. І мне здаецца, што вось гэта — бяда. Гэтая пазіцыя можа нашкодзіць людзям. Бо там, у турмах, яны пра ўсё гэта чуюць.
Галоўнае — вынік. Для мяне галоўнае, што [хворы на рак] Рыгор Кастусёў цяпер з роднымі. А дзве вызваленыя мамы — са сваімі дзецьмі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.