У Латвіі выпусцілі сярэбраны еўра з вожыкам і парсючкамі (фота)
У Латвіі выпусцілі сярэбраны еўра з вожыкам і парсючкамі. Гэта другая манета ў серыі асаблівых манет, прысвечанай героям любімых латышскіх казак, інфармуе Delfi.
Банк Латвіі выпусціў у абарот калекцыйную сярэбраную манету вартасцю 5 еўра "Казачная манета II. Вожыкава футра".
Манета мае авальную форму. Яна выраблена на манетным двары ў Літве накладам 10 тысяч асобнікаў. На аверсе манеты адлюстравана прынцэса з вожыкам, на рэверсе — статак парсючкоў з вожыкам, які крочыць перад імі. У народных казках вожыкі надзяляюцца пазітыўнымі чалавечымі якасцямі — мудрасцю, стараннасцю і дабрадушнасцю.
Кошт манеты ў Банку Латвіі — 39 еўра.
Першую манету з "казачнай серыі" ў Латвіі выпусцілі ў лістападзе мінулага года. Сярэбраная манета вартасцю 5 еўра выраблена па матывах казкі "Пяць катоў".