У Маскве прапануюць спыніць пастаўкі нафты ў Беларусь
У адказ на абяцанне Мінска дапамагчы Кіеву нафтапрадуктамі.
З такой ініцыятывай выступіў член камітэта Дзяржаўнай думы Расіі па справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі Раман Худзякоў.
"Мы ўсе добра ведаем, што Украіна пры дапамозе гэтых гаруча-змазачных сродкаў запраўляе танкі, бронетранспарцёры і іншую ваенную тэхніку, якая ўдзельнічае ў баях у Данецкай і Луганскай абласцях, — цытуе словы дэпутата БелаПАН. — Няўжо Лукашэнка не разумее, што, дапамагаючы Парашэнку, ён знішчае брацкі народ Украіны?!".
Ён падкрэсліў, што лічыць дзеянні беларускага кіраўніка недружалюбнымі ў дачыненні да Расіі і "неасэнсаванымі". "Калі Беларусь пойдзе на такі крок і будзе, па сутнасці, фінансаваць вайну супраць Данецка і Луганска, тады мы, я лічу, павінны поўнасцю спыніць пастаўкі любых гаруча-змазачных матэрыялаў на тэрыторыю гэтай дзяржавы", — заявіў Худзякоў.
Эксперты, якіх апытала РІА "Новости", перакананыя, што гаворка не ідзе пра павелічэнне паставак ва Украіну, а хутчэй пра выкананне беларускім бокам кантрактных абавязацельстваў. Тэлефоннай размове кіраўнікоў Беларусі і Украіны папярэднічала паведамленне спецэкспарцёра нафтапрадуктаў "Беларускай нафтавай кампаніі" ўкраінскаму боку пра немагчымасць выканання ў жніўні дамоваў аб пастаўках паліва ў поўным аб'ёме.
Як вядома, Украіне на год патрэбныя 10 мільёнаў тон нафтапрадуктаў. Беларусь пастаўляе прыкладна 4-4,5 млн тон з гэтага аб'ёму (бензін — каля 1,5 млн тон, дызельнае паліва — 2,5 млн тон).
Фота — ria.ru