У Мінску байкеры адкрываюць мотасезон
У Мінску байкеры адкрываюць мотасезон. Імпрэза з гэтай нагоды, якая атрымала назву H.O.G. Sping Challenge, збярэ матацыклістаў з 10 краін, перадае БЕЛТА. Калона байкераў пройдзе ад Кургана Славы да пляцоўкі за Домам футболу. Там адбудзецца шоў Freestyle з лятаючымі матацыкламі, падчас якога будуць выконвацца трукі на матацыклах Harley-Davidson.
Для ўдзельнікаў свята прадугледжаныя рознага кшталту спаборніцтвы і конкурсы. У мотапарадзе прыме ўдзел чэмпіёнка свету па кантры-кросу, віцэ-чэмпіёнка ралі Дакар Анастасія Ніфантава. Таксама ў праграме H.O.G. Spring Challenge — канцэрт зорак беларускай эстрады, у тым ліку гурта J:МОРС.
Замежныя госці перад злётам наведаюць “Лінію Сталіна” і Цэнтр экатурызму “Станькава”.
Свята арганізаванае клубам H.O.G. Iron Birds пры падтрымцы Мінгарвыканкама, ДАІ, Harley-Davidson Расія і СНД.