У Мінску пакажуць біяграфічны фільм пра Эмі Уайнхаўс
У межах праекта Cinemascope мінчукі змогуць паглядзець адну з самых чаканых дакументальных карцін года — "Эмі" рэжысёра Азіфа Кападыя. Фільм будзе дэманстравацца ў мінскім кінатэатры "Піянер" з 10 па 16 верасня. Сусветная прэм'ера стужкі пра спявачку Эмі Ўайнхаўс на сёлетнім Канскім кінафестывалі стала прычынай для незадаволенасці карцінай сваякамі спявачкі і аднагалосным прызнаннем кінасупольнасці.
Дакументальны фільм Азіфа Кападыя паказвае свет, у якім жыла Эмі, праз аўтабіяграфічныя тэксты яе песень, відэа з прыватных архіваў сям'і і сяброў, а таксама інтэрв'ю блізкіх людзей і калег. На працягу доўгага часу вяліся пошукі і збор унікальнага матэрыялу для карціны. У фільме прагучаць невядомыя раней трэкі і з'явяцца кадры з плёнак, на якіх юная Эмі сярод сяброў выконвае свае першыя песні. Рэжысёр сабраў каля сотні інтэрв`ю ў блізкім коле спявачкі. У выніку гісторыя Эмі Уайнхаўс атрымалася вельмі асабістай і не падобнай на версіі сусветных таблоідаў, гаворыцца ў анатацыі да стужкі.