У паветраную прастору Беларусі заляцеў самалёт Вільня-Стамбул
Боінг / pexels.com, ілюстрацыйнае фота
Самалёт Boeing 737-8F2 (THY4EJ) кампаніі Turkish Airlines, які 3 жніўня ляцеў з Вільні ў Стамбул, заляцеў у паветраную прастору Беларусі. Потым ён накіраваўся ў Польшчу, піша партал Lrytas.
Прадстаўнік дзяржаўнай літоўскай кампаніі "Oro navigacija" ("Паветраная навігацыя") не бачыць у гэтым ніякіх парушэнняў. Авіяперавозчыкам з краін, якія не ўваходзяць у ЕС, не забароненыя палёты ў беларускай паветранай прасторы — ім толькі рэкамендуюць пазбягаць палётаў над Беларуссю.
Па словах кіраўніка рэгіянальнага цэнтра кіравання палётамі, траекторыю рэйсу змянілі, "каб пазбегнуць небяспечных навальнічных аблокаў".
Авіяперавозчыкам з краін ЕС забаранілі залятаць у беларускую паветраную прастору пасля інцыдэнту з самалётам кампаніі Ryanair у траўні 2021 года. Рэйс, які накіроўваўся з Афін у Вільню, быў прымусова пасаджаны ў Мінску пад фальшывай нагодай. Беларускія спецслужбы знялі з борта супрацоўнікаў апазіцыйных інтэрнэт-рэсурсаў Рамана Пратасевіча і Сафію Сапега.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.