У Сейме Літвы прапанавалі зачыніць яшчэ пункты пропуску на мяжы з Беларуссю
Мяжа Літвы
Для барацьбы з кантрабандай у Літве прапаноўваюць закрыць яшчэ два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. З такой прапановай выступіў старшыня камітэта літоўскага Сейма па бюджэце і фінансах Міндаўгас Лінге, піша Kauno Diena.
Ён прапанаваў "ацаніць магчымасць закрыцця памежных пераходаў, праз якія ў Літву ідуць найбольш масавыя патокі кантрабанды". Таксама дэпутат заклікае вылучыць дадатковае фінансаванне для тых КПП, кантроль на якіх з'яўляецца недастатковым.
МУС Літвы паведамляла, што сёлета выпадкаў кантрабанды было выяўлена больш, чым летась, але пры гэтым аб'ёмы кантрабанды памяншаюцца. У ведамстве не лічаць неабходным зачыняць пункты пропуску для барацьбы з шэрым імпартам. Але такія меры могуць быць прынятыя, напрыклад, для процідзеянне нелегальнай міграцыі, мяркуе намеснік міністра ўнутраных спраў Віталь Дзмітрыеў.
Як распавядала Еўрарадыё, 18 жніўня Літва зачыніла два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю — Шумскас (з беларускага боку Лоша) і Цвярачус (Відзы). Гэта было зроблена як адказ на магчымыя пагрозы з боку вагнераўцаў, размешчаных у нашай краіне.
Цяпер на мяжы Літвы з Беларуссю дзейнічаюць чатыры пункты пропуску.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.