У Верхнім горадзе Мінска знойдзены пасад горада 12-га стагоддзя

А таксама будынак 17-га стагоддзя, не пазначаны ні на адной карце.

Еўрапейскае радыё адправілася на раскопкі, якія адбываюцца ў цэнтры Мінска, на вуліцы Кірылы і Мефодзія. Перад пачаткам любой будоўлі ў цэнтры Мінска, неабходна, каб гэтая тэрыторыя была даследаваная археолагамі. Дзеля гэтага Акадэмія навук атрымала адкрыты ліст, які і з’яўляецца дазволам на правядзенне раскопак. Старэйшы навуковы супрацоўнік Акадэміі Андрэй Вайцэховіч патлумачыў, што за некалькі месяцаў была праведзеная археалагічная разведка:

"У межах гэтага мы зараз тут, у Мінску, у Верхнім горадзе ажыццяўляем папярэднюю разведку шурфамі для даціроўкі культурнага слоя. Нейкіх пэўных тэрмінаў у нас няма, бо невядома, якімі знаходкамі нас парадуе раскоп. Тры шурфы і адна траншэя занялі па часе некалькі месяцаў".

"Еўрапейскае радыё" пацікавілася ў спадара Вайцэховіча, што ж цікавага было знойдзена падчас раскопак? Як адзначыў акадэмік, быў знойдзены падмурак арачнага будынка, які не пазначаны ні на адным існуючым плане. Да таго ж будуць даследавацца і рэшткі старажытнага пасаду Мінска.

Вайцэховіч: "Нават на карце 19-га стагоддзя яго ўжо няма. Хутчэй за ўсё гэта будынак 17-га ці 18-га стагоддзя. Мы ўжо знайшлі на самай глыбіні, каля мацярыка, сляды пасада Мінска старажытнарускіх часоў 12-13-га стагоддзя . Тут атрыманы вельмі каштоўны матэрыял, усю тэрыторыю трэба будзе раскопваць цалкам, каб захаваць гэтыя ўнікальныя матэрыялы".

Зараз праца археолагаў носіць ратавальны характар, бо уся тэрыторыя Верхняга гораду аддана пад сучасныя забудовы. На гэты момант на раскопе працуе ўсяго некалькі чалавек, усе студэнты гістарычнага факультэта БДУ. Я запытаўся ў Аляксандра Егарэйчанкі, загадчыка Кафедры археалогіі, на якіх умовах яны тут працуюць?

Егарэйчанка: "Мы ўдзельнічаем у гэтых раскопках на правах субпадраду. Мы прадастаўляем студэнтаў. Тыя, хто там зараз працуюць, некалькі чалавек, праходзяць абавязковую археалагічную практыку".

Мінскія археолагі кінулі кліч у Інтэрнэт з-за недахопу людзей на раскопе. Цікава, што пасля абмеркавання гэтай тэмы на прасторы сталічнай інтэрактыўнай супольнасці minsk_by, да працаў пачалі далучацца новыя людзі.

Мы датэлефанаваліся да валанцёркі Вольгі, якая прыйшла на раскоп пасля таго, як убачыла інфармацыю ў сусветным сеціве. На яе погляд, кіраўніцтва раскопак робіць усё, каб выратаваць гістарычную спадчыну горада. Нават згодна выходзіць на працу ў выходныя:

Вольга: "Агульнае ўражанне ў мяне было вельмі добрае. Кіраўнікі вельмі падрабязна ўсё растлумачылі і паказалі. Распавялі пра гісторыю гэтага месца, што таксама вельмі цікава. Акрамя мяне было двое іншых добраахвотнікі.

На другі дзень абяцалі падыйсці яшчэ два ці тры. Але шмат людзей працуе зараз, і могуць працаваць толькі ў выходныя. Таму кіраўнікі раскопу згадзіліся прыходзіць па раніцах у суботы і нядзелі".

Па словах супрацоўнікаў Акадэміі Навук, шмат людзей на раскопе зараз і не патрэбныя. Справа ў тым, што гэта толькі разведка. Праблема паўстане тады, калі ў хуткім часе пачнуцца паўнавартасныя археалагічныя работы, прычым будзе гэта прыкладна праз два месяца.

Тады неабходна будзе каля 40 чалавек. Таму ва ўсіх зацікаўленых ёсць цудоўная магчымасць дакрануцца да гісторыі нашага горада. Аніякіх даведак ці адмысловых інструментаў браць з сабою не трэба. Дастаткова проста мець крыху вольнага часу і жаданне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі