У Жодзіне зноў не выйшлі на працу некаторыя таксісты "Яндэкс Go"
25 траўня ў Жодзіне некаторыя таксоўцы "Яндэкс Go" зноў не выйшлі на працу. Па іх словах, агрэгатар абяцаў палепшыць умовы працы, але фактычна нічога не змянілася.
Раней таксоўцы "Яндэкс Go" спрабавалі ладзіць страйкі ў Жодзіне, Івацэвічах, Бабруйску, Баранавічах. Прычым у Баранавічах забастоўку сарвала міліцыя.
Напрыканцы красавіка "Яндэкс Go" заявіў пра "аптымізацыю тарыфаў" у некаторых гарадах Беларусі. Мэтай называлася частковая кампенсацыя росту коштаў на паліва і абслугоўванне аўтамабіляў. Пры гэтым кампанія заяўляла, што хоча, каб "кошт паездак заставаўся даступным для карыстальнікаў": тарыфы для пасажыраў знілізі.
Кіроўцам у некаторых гарадах знізілі гарантаваную штодзённую аплату, а ў некаторых і ўвогуле адмянілі (напрыклад, у Жодзіне). Таксоўцы наракаюць, што пры поўнай працоўнай змене яны не могуць нармальна зарабіць.
Сёння таксоўцы расказалі журналістам партала, прызнанага экстрэмісцкім, што пасля пратэстаў ім вярнулі сутачную гарантаваную аплату ў памеры 140 рублёў. Але для яе атрымання неабходна выканаць 40 паездак (раней было 35), а тарыф для пасажыраў пакінулі ранейшым.
"Паездкі для людзей выходзяць па 1,2-1,4 рубля. А бензін даражэе, амартызацыю плаціць трэба. Тэлефануем і пішам пасажырам, што за гэтыя капейкі вазіць не будзем", — прызнаюцца кіроўцы.
Яны хочуць, каб "Яндэкс Go" зраўняў кошт паездкі па горадзе з іншымі службамі таксі Жодзіна, а таксама вярнуў платныя падачы аўтамабіля.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.