Украіна перадала Расіі яшчэ аднаго беларуса, які ваяваў на баку расіян

Максім Зязюльчык пасля патраплення ва ўкраінскі палон

Максім Зязюльчык пасля патраплення ва ўкраінскі палон / t.me/SBUkr/

Украіна па абмене перадала Расіі яшчэ аднаго беларуса, які ваяваў на баку расіян і трапіў у палон. Гэта — 23-гадовы Максім Зязюльчык, які быў у складзе прыватнай вайсковай кампаніі "Рэдут" (спіс вызваленых расійскіх вайскоўцаў апублікаваў Камітэт салдацкіх маці Расіі). У палоне знаходзіўся з верасня 2022-га. Нядаўна Расіі быў перададзены грамадзянін Беларусі Максім Запека, які трапіў ва ўкраінскі палон у кастрычніку 2023-га пад Бахмутам.

Пры гэтым сярод перададзеных Расіяй 31 студзеня і 8 лютага ўкраінскіх ваеннапалонных беларускіх добраахвотнікаў няма.

Год таму Зязюльчык быў асуджаны ва Украіне, як найміт, на 10 гадоў пазбаўлення волі. Ён ураджэнец Рудзенска. На пачатак поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны служыў у Беларусі ў войску паводле кантракту. Ад камандзіра сваёй часці хлопец даведаўся пра ПВК "Рэдут" і вырашыў пайсці ў найміты. У ліпені 2022-га ён прыехаў у расійскі Тамбоў і завербаваўся на фронт. Пасля трохдзённага навучання беларуса адправілі ва Украіну. 19 верасня Максім Зязюльчык атрымаў раненне ў нагу і быў узяты ў палон. У СБУ сцвярджалі, што насамрэч Зязюльчык з'яўляецца агентам КДБ.

У спіс для абмену з Расіяй палоннымі Максім Зязюльчык трапіў яшчэ вясной 2023-га. Зянон Пазняк прапаноўваў абмяняць яго на беларускіх палітвязняў.

"Мне вельмі прыемна, што мяне не пакінулі на варагуючай тэрыторыі", — сказаў Зязюльчык пасля перадачы расіянам.

У спісах на абмен ёсць і беларус Андрэй Герыловіч. Ураджэнец Рэчыцы ваяваў ва Украіне ў складзе ПВК "Вагнер", трапіў ва ўкраінскі палон у лістападзе 2022-га. Быў асуджаны на 9 гадоў пазбаўлення волі.

Украіна перадала Расіі яшчэ аднаго беларуса, які ваяваў на баку расіян
Максім Зязюльчык пасля абмену

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі