Улады трэці раз спрабуюць прадаць кватэру Ціханоўскіх у Мінску
Кватэра Ціханоўскіх, выстаўленая на продаж / e-auction.by
Улады трэці раз выставілі на аўкцыён трохпакаёвую кватэру Сяргея Ціханоўскага на праспекце Незалежнасці ў Мінску.
Папярэднія дзве спробы былі няўдалымі. Таму цяпер кошт кватэры знізілі з 214,9 тысячы рублёў да 171,9 тысячы.
На сайце "Белюрзабеспячэння" па-ранейшаму паведамляецца, што ў кватэры зарэгістраваныя жыхары, у тым ліку непаўналетнія дзеці. Плошча кватэры — 66 квадратных метраў.
Каментуючы продаж кватэры, Святлана Ціханоўская назвала гэта "марадзёрствам і бандытызмам".
Сяргея Ціханоўскага на закрытым судзе прысудзілі да 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя таго, фігурантаў "справы Ціханоўскага" абавязалі выплаціць 2,5 мільёна рублёў кампенсацыі — "для выплат супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў за дадатковы час на службе падчас паслявыбарчых пратэстаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.