Ва Украіну перадалі Мікалая Швяца, затрыманага за дыверсію ў Мачулішчах

Мікалай Швец на допыце

Мікалай Швец на допыце / БТ

Ва Украіну перадалі Мікалая Швяца, затрыманага ў Беларусі за дыверсію з расійскім самалётам А-50 у Мачулішчах. Пра гэта расказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Таксама на радзіму вярнуліся грамадзяне Украіны, асуджаныя ў Беларусі па абвінавачанні ў агентурнай дзейнасці і прызнаныя палітвязнямі. Гэта Наталля Захаранка, Павел Купрыенка, Людміла Ганчарэнка і Кацярына Бруханава.

Агулам, паводле Зяленскага, з палону ўдалося вярнуць дзесяць чалавек.

"Нарыман Джэлял, намеснік старшыні Меджліса крымскататарскага народа, захоплены ў Крыме яшчэ ў 2021 годзе. Алена Пех і Валерый Мацюшэнка — грамадзянскія, якія былі ў палоне яшчэ з 2017-2018 гадоў. Багдан Гелета і Іван Лявіцкі — святары Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, захопленыя ў Бярдзянску за супраціў акупантам", — пералічвае прэзідэнт Украіны.

Як падкрэсліў Зяленскі, усе названыя людзі ўжо вызваленыя і перабываюць дома — ва Украіне. Умовы вызвалення ён не назваў, але адзначыў дапамогу Ватыкана.

Днямі паведамлялася пра абмен палоннымі, які адбыўся паміж Украінай і Расіяй. Падчас яго ўкраінцы перадалі ў Расію беларуса-вагнераўца Андрэя Герыловіча.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі