Вадзім Гігін пагражае "дэнацыфікацыяй" Польшчы і краінам Балтыі

Дэпутат Вадзім Гігін, які сабраўся "дэнацыфікаваць" Польшчу і краіны Балтыі / Sb.by
Дэпутат і гендырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін сабраўся "дэнацыфікаваць" Польшчу і краіны Балтыі. У эфіры выдання "СБ. Беларусь сегодня" ён заявіў, што "праблема дэнацыфікацыі востра стаіць не толькі ва Украіне". На яго думку, палітычныя эліты Польшчы і краін Балтыі некарэктна паводзяць сябе ў адносінах да беларусаў і іх гісторыі.
"34 гады мы назіраем гэты здзек: "неграмадзяне", "я не буду размаўляць па-руску", "панаехалі", "валіце адсюль". Знос помнікаў, пагарда да нашай гісторыі і яе фальсіфікацыя. Мы павінны думаць, як з гэтым змагацца , — заявіў Гігін.
Паводле яго, калі нічога не зменіцца, то Беларусь і Расія павінны падумаць пра стварэнне сістэмы "доўгачасовага рэагавання на праявы этнанацыяналізму" ў гэтых краінах, не выключаючы "вельмі непрыемныя наступствы для іх дзяржаўнасці".
Пры гэтым Лукашэнка ў сваёй перадвыбарчай праграме заяўляе, што Беларусь нікому не пагражае і не збіраецца ні на каго нападаць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.