Як асвятляліся масавыя рэпрэсіі ў падручніках па гісторыі Беларусі розных гадоў?
Як школьнікам тлумачаць, што такое рэпрэсіі? / калаж Еўрарадыё
Па паперах у 1930-х гадах у савецкага чалавека ўсё павінна было быць добра, дэмакратычна і свабодна.
У 1936 годзе была прынятая Канстытуцыя СССР, якая атрымала назву "Канстытуцыя перамогшага сацыялізму". На наступны год — Канстытуцыя БССР. У іх савецкаму чалавеку гарантавалася мноства правоў і свабод.
Але мы ведаем, што вораг народа — не савецкі чалавек, такім чынам, і свабод яму трэба менш. Мы вось ведаем, а што даведаюцца пра гэта школьнікі?
Еўрарадыё вывучыла падручнікі для дзевяцікласнікаў па гісторыі розных гадоў, каб зразумець, як мяняўся падыход да выкладу тэмы масавых рэпрэсій у 30-я гады.
З падручнікаў, выдадзеных у 90-я, пра рэпрэсіі можна даведацца па-сапраўднаму шмат. Але і ад сучасных школьнікаў гэтую тэму не хаваюць.
Падручнік 1992 года: імёны не толькі ахвяр, але і катаў
Падручнік 1992 года можа здавацца больш поўным, але гэта не значыць, што ў наступныя гады ад школьнікаў "хавалі" рэпрэсіі. Частка матэрыялу трапляла ў падручнікі для 10–11-х класаў. Мы ўзяліся вывучыць падручнікі для дзевяцікласнікаў, каб зразумець, з якім багажом ведаў выходзяць школьнікі, атрымаўшы дыплом аб абавязковай сярэдняй адукацыі.
У падручніку 1992 года нашмат больш лірыкі, чым у падручніках наступных гадоў. Напрыклад, гэты старэнькі падручнік раскажа вашаму школьніку, што "як вядома, мова — галоўны з кампанентаў у комплексе развіцця нацыянальнай культуры".
Цікавая адметнасць падручніка 1992 года ў тым, што тут называюць імёны не толькі ахвяр таталітарнага рэжыму, але і іх катаў.
"Сярод катаў беларускага народа — былыя наркамы НКУС БССР Малчанаў, Берман, Наседкін, Цанава. Аўтарытарная ўлада ператварылася ў таталітарны палітычны рэжым", — пішуць складальнікі.
Асобна тут спыняюцца на стане беларускай культуры ў гады рэпрэсій. Калі для вас гісторыя пра барацьбу з інтэлігенцыяй — хутчэй цьмяны вобраз, старэнькі падручнік з 90-х дапаможа дадаць у яго канкрэтных рыс.
"Рэжым асабістай улады не мог ужыцца з самастойнасцю рэспублікі ні ў эканамічнай, ні ў культурнай сферах. Таму ў перыяд "вялікага скачка", "штурму", індустрыялізацыі і калектывізацыі разам з ціскам на сялянства адбыўся ўдар па нацыянальнай інтэлігенцыі, якая была абвінавачана ў правым ухіле", — пішуць аўтары.
Тады ж з'явіліся абвінавачанні ў "нацдэмаўшчыне" — варожай савецкай уладзе ідэалогіі. Яе прыхільнікі, акрамя іншых сваіх грахоў, вінаватыя былі нібыта яшчэ і ў намерах рэстаўраваць капіталізм.
"Апагеем паклёпніцкай кампаніі была сфабрыкаваная ад пачатку да канца справа так званага "Саюза вызвалення Беларусі", — расказваюць складальнікі падручніка.
Па гэтай справе першы прэзідэнт беларускай Акадэміі навук Усевалад Ігнатоўскі быў выключаны з партыі, выклікаўся на допыты як "кулацкі агент". Застрэліўся. Лідарам "Саюза вызвалення Беларусі" "прызначылі" Янку Купалу — пасля аднаго з допытаў ён вярнуўся дадому і здзейсніў спробу самагубства.
Нават простае выкладанне на беларускай мове магло быць пастаўлена ў віну. У тыя гады ў лагерах і турмах загінула больш як 50 беларускіх літаратараў. Акадэмія навук страціла каля паловы свайго складу.
"Беларусізацыя была спыненая. Пачалася "контрбеларусізацыя".
Падручнік 1997 года: факты і пункты гледжання
Гэты падручнік — наш фаварыт. Складальнікі вылучаюць "гістарычныя факты" і "пункты гледжання" ў асобныя абзацы і пазначаюць адпаведнымі рэмаркамі. Больш за тое, разумеючы, што ў канцы ХХ стагоддзя школьніку даволі няпроста зразумець рэальнасць 30-х гадоў, аўтары падручніка рэгулярна перарываюць свой расказ пытаннямі.
Ледзь толькі школьнік прачытаў пра новую Канстытуцыю, як у яго пытаюцца — а ці магчыма было ў тых умовах на практыцы рэалізоўваць правы, запісаныя ў Канстытуцыі? Чаму рэжым назвалі таталітарным? І вось яшчэ пытанне, на якое складана адказаць не толькі школьнікам, але і бацькам: як выйшла, што гэты рэжым замацаваўся?
Расказваючы пра рэпрэсіі ў дачыненні да інтэлігенцыі, школьнікаў зноў выклікаюць на дыялог. Чарвякоў, Жылуновіч, Ігнатоўскі — усе яны былі абвінавачаныя ў нацдэмаўшчыне, усе не вытрымалі цяжару абвінавачанняў. Усе скончылі жыццё самагубствам. А цяпер заданне — успомніце, чым вядомыя гэтыя людзі.
Аўтары падручніка спрабуюць растлумачыць школьнікам логіку ўлады, даючы ёй слова. Тут, напрыклад, цытуюць наркама БССР Б. Бермана, які бедаваў — маўляў, тэмпы барацьбы з ворагамі народа адстаюць ад суседніх краін, "пара канчаць допыты ў белых пальчатках".
Школьнікам прапануецца самастойна вярнуцца да папярэдніх параграфаў, у якіх расказвалася пра знакавых гістарычных асоб. Перачытаць іх біяграфіі. І звярнуць увагу, што ўсе яны загінулі ў 30-х гадах.
Падручнік 2006 года: запомніце гэтыя словы — "палітычныя рэпрэсіі"
"Пра тое, што абвешчаныя Канстытуцыяй дэмакратычныя правы і свабоды не ажыццяўляюцца, сведчылі масавыя рэпрэсіі. Жорстка караліся любыя адступленні ад марксісцка-ленінскай ідэалогіі і сумненні ў правільнасці распрацаванага I. В. Сталіным курсу на будаванне сацыялізму ў СССР", — падрыхтоўвае школьнікаў да праўды жыцця падручнік 2006 года.
Школьнікам расказваюць пра арышты ў беларускай партыйнай арганізацыі: пасля іх шэрагі парадзелі напалову. Былі рэпрэсаваныя першыя сакратары 99 з 101 райкама КП(б)Б. У падручніку пералічваюцца імёны Аляксандра Чарвякова, Мікалая Гікалы, Мікалая Галадзеда — іх гады жыцця, пазначаныя ў дужках, абрываюцца ў канцы 30-х.
Школьнікі могуць вывучыць і кароткую біяграфію гэтых людзей, калі прачытаюць спецыяльную ўрэзку. Даведацца, што Гікала — гэта не толькі назва вуліцы, але і чалавек, які абвясціў Беларусь рэспублікай пісьменнасці. Дзякуючы яму ўсе ў краіне павінны былі навучыцца чытаць і пісаць.
"Толькі ў 1937 годзе было арыштавана 27 тыс. чалавек, толькі частка з іх на самай справе варожа ставілася да савецкай улады. Арыштоўвалі амаль па 900 чалавек у дзень", — расказвае падручнік.
Аўтары спасылаюцца на апублікаваныя ў 90-х гадах XX стагоддзя падлікі. Паводле гэтых звестак, у час рэпрэсій 1935–1940 гадоў пацярпелі 86 тысяч грамадзян Беларусі.
Ужо пазней мноства вынесеных прысудаў было адменена. Рэабілітацыя працягваецца і ў наш час, пісалі складальнікі падручніка.
У канцы параграфа сярод ключавых слоў, якія характарызуюць грамадска-палітычнае жыццё гэтага перыяду, дзевяцікласнікам прапануецца запомніць і гэта словазлучэнне: палітычныя рэпрэсіі.
Падручнік 2019 года: Курапаты — гэта тут
У 2019 годзе, у разгар супрацьстаяння паміж рэстаранам "Паедзем паядзім" і беларускімі актывістамі, выйшаў падручнік, у якім упершыню не толькі расказвалася пра Курапаты — іх нават паказвалі. Дакладней, школьнікам паказвалі памятны знак, прысвечаны ахвярам палітычных рэпрэсій і ўсталяваны ва ўрочышчы.
"Сімвалам палітычных рэпрэсій у Беларусі стала з'яўленне ляснога ўрочышча пад Мінскам — Курапаты. Тут праходзілі расстрэлы рэпрэсаваных", — пішуць аўтары падручніка і спасылаюцца на расследаванні, якія праводзіліся і пракуратурай БССР, і Генпракуратурай Беларусі.
"Дарагі бацька Сталін!"
Нам падаўся цікавым ліст беларускай школьніцы, дзесяцігадовай Іры Гапанёнак, на імя Сталіна. У падручніку 2006 года прывялі кароткую рэдакцыю гэтага ліста.
"Дарагі бацька Сталін. Я дзяўчынка 10-гадовая, Ірына Аляксандраўна Гапанёнак. Хаджу ў школу ў 3-і клас. Сёння 7 лістапада 1940 г. вялікае свята, якое прынесла для ўсяго савецкага народа вялікую радасць. Сёння ў нашай школе ў 10 гадзін раніцы была пастаноўка для маленькіх дзяцей. І я расказвала вершык "Слава". І калі расказвала, глядзела на твой партрэт і ўслых сказала: "Слава таварышу Сталіну!" І бачыла, як усе радаваліся..."
Школьнікам прапануецца вызначыць, "пра якую гістарычную з'яву сведчыць ліст школьніцы". Але адказ школьнікаў, якія вучылі гісторыю па гэтым падручніку, будзе не столькі няправільны, колькі няпоўны.
Таму што ў падручніку 2019 года мы знаходзім поўную версію таго ж ліста.
Ён заканчваецца словамі Іры Гапанёнак:
"Вярнуўшыся дадому, я ўзяла паперу і ліст, і працягваючы да цябе сваю маленькую руку, прашу, не адмоў у маёй вялікай просьбе: вярні майго тату, Аляксандра Гапанёнка, які быў арыштаваны. Родны бацька Сталін, дні і ночы буду чакаць ад цябе адказу".
Пасля таго як дзевяцікласнікі прачытаюць гэты ліст, ім прапануецца адказаць на пытанні і, уявіўшы сябе ў ролі школьніка ў 1930-х, вызначыць сваё стаўленне да таталітарнай сістэмы. Мы спадзяёмся, для беларускіх дзевяцікласнікаў на стадыі разумовага эксперыменту гэта і скончыцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.