Якія татуіроўкі робяць беларускія музыкі?
Памідораў “набівае” сцягі, Руся — сімвалы сонца, продкаў і моцнай сям’і. Ксюша Сітнік хацела знак бясконцасці, а Лявон Вольскі застаўся без тату.
Якія татухі цяпер модныя ў Беларусі?
У музычнай сферы захапляюцца татуіроўкай не толькі аматары року. Да лідара гурта Znich Алеся Таболіча, які працуе майстрам тату ў адным з мінскіх салонаў, часта заходзяць і прадстаўнікі беларускай эстрады. Праўда, стаўленне да малюнка ў іх адрозніваецца. Для папсавікоў татуха — звычайнае ўпрыгожванне, для рокераў — семантыка жыцця.
Напрыклад, эстрадны “рокер” Дзядзя Ваня сам распрацаваў малюнак гітары на ўсю руку, дзе выгравіраваны яго лагатып “ДВ”. Лідар гурта Pomidor/OFF Аляксандр Памідораў цяпер робіць на руцэ сцягі краін, якія, на яго погляд, вартыя ўвагі. Спявачка Руся (Shuma, Akana NHS) зрабіла сабе беларускую арнаментальную тату з трох сімвалаў: сонца, продкаў і моцнай сям’і.
“Я лічу, што калі чалавек глыбока падыходзіць да татуіроўкі, то так жа глыбока ён ставіцца і да сваёй творчасці, — разважае Алесь Таболіч, які перад вяселлем зрабіў разам з жонкай аднолькавыя татуіроўкі з арнаментам бога Ярылы. — А калі, як спявачка Алеся, набіла сабе котачку на жываце, прычым, котачка такая ж, як у сотні дзяўчат у Беларусі, такая, відаць, і гэтая Алеся”.
Руся
Таболіч з жонкай
Дзядзя Ваня
Таболіч не тое, каб спецыялізуецца на музыках, але шмат хто з іх прыходзіць па татуіроўкі адмыслова да яго. Аднойчы завітала і Ксенія Сітнік, хацела набіць сабе знак бясконцасці. На той момант ёй было толькі 17 гадоў, таму Алесь адправіў яе за бацькамі. Больш у салон пераможца дзіцячага “Еўрабачання” не вярталася. Юра Дземідовіч хацеў прабіць дзірку ў вуху, але таксама прыйшоў без маці. Алесь яму паказаў, як робяць перманентны макіяж на вуснах. Юра зрабіў знакамітыя вочы “Чароўнага труска” і збег.
“Футбалісты БАТЭ прыходзілі цэлай грамадой, — узгадвае з усмешкай Алесь. — У выніку, некалькі чалавек набілі татуіроўкі, але больш за ўсіх здзівіў варатар. Ён хацеў набіць нешта кшталту “Гутар + Маша”. Я ў яго запытаўся, хто такая Маша, ці жонка яна. Высветлілася, што дзяўчына. Кажу: “А калі дзяўчына зменіцца, што будзеш рабіць?” Ён пачухаў патыліцу і нічога ў выніку не набіў”.
Татуіроўкай захапляюцца не толькі прадстаўнікі шоў-бізнэсу. Мастак Алесь Пушкін стаў першым чалавекам, які зрабіў тату з беларускім нацыянальным падтэкстам. Праваабаронца Алесь Бяляцкі працягнуў гэтую тэму, “набіўшы” малюнак паводле твораў Уладзіміра Караткевіча.
Распрацоўкі Алеся Пушкіна
Прыналежнасць да рок-тусоўкі зусім не абавязвае размалёўваць цела. Нармальна сябе адчуваюць без татуіровак лідар гурта “Крама” Ігар Варашкевіч і фронтмэн “Палаца” Алег Хаменка. А Лявон Вольскі, можа, і “набіў бы татуху”, ды ў свой час не хапіла… Часу!
“Гэта ж патрэбны час, эскіз і гэтак далей… Ды і жадання асаблівага ніколі ў мяне не было, — усміхаецца лідар “Крамбамбулі”. — А цяпер, калі тату ва ўсіх, то, можа, і добра, што я без іх!”
Самым “замаляваным” беларускім рокерам з’яўляецца Сяргей Міхалок. Апошняя татуіроўка лідара гурта “Ляпис Трубецкой”, якая выклікала шмат размоваў у інтэрнэце — надпіс “Не быць Скотам”.
Сяргей Міхалок
Аляксандр Памідораў
Ян Максімовіч (Yellow Brick Road)
Фота: novayagazeta.ru, ljapis.ru, budzma.org, dneprovec.by, kp.by, архіў Алеся Таболіча