Янукевіч: Верагоднасць, што ўлады пачнуць дыялог з апазіцыяй, нулявая

Прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі кажуць пра неабходнасць грамадскага дыялогу ўнутры краіны, дыялогу паміж уладай і апазіцыяй ужо не першы год, сцвярджае Аляксей Янукевіч. Але апазіцыя сутыкаецца з катэгарычным нежаданнем улады ісці на такі дыялог. Тым не менш, калі б заўтра прадстаўнікоў дэмакратычных сіл запрасілі, да прыкладу, у парламент ці прэзідэнцкую адміністрацыю на шчырую размову, то яны ведаюць, пра што гаварыць з уладай. 

Янукевіч: “Гэта вызваленне палітычных вязняў і спыненне ціску на апазіцыю, бізнэс, грамадства. Гэта змена геапалітычнай арыентацыі, неабходнасць выхаду з інтэграцыйных аб’яднанняў, дзе дамінуе Расія, і неабходнасць інтэграцыі, больш шчыльнай асацыяцыі з Еўрасаюзам. І трэцяе — рэальныя рынкавыя эканамічныя рэформы. Вось гэтыя тры прапановы мы былі б гатовыя пакласці на стол уладам хоць заўтра”.

Іншая справа, ці захочуць прадстаўнікі ўлады гаварыць менавіта з Партыяй БНФ. На думку Янукевіча, імаверна, што Лукашэнка для сябе вырашаў, з кім з “пятай калоны” дыялог весці можна было б, а хто сярод іх — “шкодныя і брыдкія”. Праўда, кіраўнік краіны не агучыў — хто ёсць хто.

Верагоднасць такога дыялогу, кажа суразмоўца Еўрарадыё, цягам бліжэйшага году нулявая. 

Нагадаем, 28 красавіка Аляксандр Лукашэнка выступіў з чарговым Пасланнем да народа і Нацыянальнага сходу. Падчас выступу ён заявіў:  “Ніколі не адмаўляйцеся ад дыялогу з нашай "пятай калонай", сябруйце з гэтымі людзьмі — не ўсе яны шкодныя і брыдкія”.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі