Юбілейную выставу Васіля Быкава ў Мінску згортваюць праз 10 дзён пасля адкрыцця
Выстава да 100-годдзя Васіля Быкава
У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры згортваюць выставу да 100-годдзя Васіля Быкава, піша "Наша Ніва".
Выставу да юбілею народнага пісьменніка Беларусі меліся паказваць да 5 траўня, але вырашана згарнуць 5 лютага. Пратрымалася яна толькі 10 дзён — з 25 студзеня.
Журналісты даведаліся пра гэта ад чытача, які затэлефанаваў у музей, каб даведацца час працы выставы. "Самі думалі, што будзе даўжэй, але так выйшла", — заявілі супрацоўнікі музея без дадатковых тлумачэнняў.
У выставе "Жыццё праз абрысы і лініі" Васіль Быкаў паказаны не толькі як літаратар, але і як мастак. У экспазіцыі ёсць больш за 70 графічных і жывапісных работ Быкава: замалёўкі краявідаў, хат, падворкаў з часоў дзяцінства, а таксама ўспаміны пра вайну, самаіранічныя накіды, засваенне аўтамабільнай справы, будаўніцтва дачы ў Ждановічах.
Як вядома, перад вайной будучы пісьменнік паступіў у Віцебскую мастацкую вучэльню. Але ўвосень 1940 года праз недахоп грошай і адмену дзяржаўных стыпендый пакінуў навучанне.
Васіль Быкаў неаднойчы крытыкаваў рэжым Лукашэнкі і казаў, што "краінай кіруе хунта". Апошнія гады жыцця пісьмннік быў фактычна выціснуты за межы Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.