Юлія Навальная можа стаць "расійскай Ціханоўскай"? Вось што кажуць эксперты
Юлія Навальная і Святлана Ціханоўская ў Мюнхене 16 лютага
Удава забітага расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага Юлія Навальная заявіла, што працягне ягоную справу і барацьбу з Пуціным. Яе ўжо пачалі параўноўваць са Святланай Ціханоўскай. Але ці слушнае гэтае параўнанне?
"Для мяне гэта дзіўнае разважанне, — кажа Еўрарадыё кандыдатка гістарычных навук Роза Турарбекава. — Таму што нават Навальны не дасягнуў гэткага поспеху, як Ціханоўская. Ён не здолеў дамагчыся яўнай перамогі на прэзідэнцкіх выбарах, не было такога. У яго шмат было дасягненняў, але нават фігуру Навальнага нельга супаставіць з фігурай Ціханоўскай".
Экспертка працягвае: Юлія Навальная — мужная і адважная жанчына, але яшчэ не палітык.
"Гэта значыць, мы павінны вярнуцца ў той пункт, калі Святлана Ціханоўская толькі падавала дакументы ў Цэнтрвыбаркам. І тады вырашылася пытанне, што яна сваім актам стала кандыдатам у прэзідэнты і ператварылася ў палітыка. У Юліі Навальнай зараз нават такога шанца няма — зрабіць заяву пра сябе на такім узроўні", — дадае Турарбекава.
Гісторык адзначае: да ўзроўню, калі Юлію можна будзе параўноўваць са Святланай, яшчэ вельмі далёка, і па многіх фактарах. Пачынаючы з таго, што будзе рабіць сама Навальная і ці кансалідуецца расійская апазіцыя, і заканчваючы тым, што яе з'яўленне на палітычным полі — вынік не выбараў, а палітычнага забойства мужа.
"Многія хочуць пачуць голас няпуцінскай Расіі"
Святлана Ціханоўская ў размове з выданнем "Новая газета. Европа" падзялілася ўражаннямі ад сустрэчы з Юліяй — "вельмі моцны чалавек".
"Я думаю, нас параўноўваюць з Юліяй праз нашых мужоў. Яны кінулі выклік дыктатарам і за гэта пацярпелі. Я шчыра ёй спачуваю, і падтрымліваю яе як жанчына жанчыну. І я паважаю яе рашэнне працягнуць справу мужа. Вядома, сітуацыі ў Беларусі і Расіі розныя. У Беларусі ў 2020 годзе прайшлі выбары, на якіх мяне падтрымала большасць, і менавіта гэта дало мне права і магчымасць прадстаўляць беларусаў".
Ці зможа Навальная ўзначаліць расійскую апазіцыю? Святлана Ціханоўская сказала, што гэта вырашаць самой расійскай апазіцыі.
"[Палітычны шлях] залежыць ад самой Юліі. Ад яе каманды, ад згуртаванасці расійскай апазіцыі. Я думаю, шмат хто хоча чуць голас няпуцінскай Расіі, Расіі, якая паважае суседзяў, іх суверэнітэт і ідэнтычнасць, супраць імперскасці ў любой форме", — падсумавала яна.
Што кажуць расійскія палітолагі?
Расійскі палітолаг Фёдар Крашаніннікаў выказаў меркаванне, што нельга параўноўваць Юлію Навальную і Святлану Ціханоўскую: ён не бачыць паралеляў паміж іх лёсамі.
"Юлія зусім не такі чалавек, як Ціханоўская. Яна ніколі не была ціхай хатняй гаспадыняй, якая не займалася палітыкай. Нягледзячы на тое, што яна не была на першым плане, яна ўвесь час была побач з Аляксеем, калі ён займаўся палітыкай", — лічыць Крашаніннікаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.