Юрый Царык: Праграмы на расійскім ТБ могуць быць папярэджаннем Лукашэнку

Юрый Царык: Праграмы на расійскім ТБ могуць быць папярэджаннем Лукашэнку

Прапагандысцкія праграмы на расійскім тэлебачанні могуць быць папярэджаннем Аляксандру Лукашэнку. Пра гэта 28 лістапада ў жывым эфіры Еўрарадыё заявіў беларускі палітолаг Юрый Царык. Ён паразважаў наконт прычын "інфармацыйнай атакі" на нашу краіну з боку расійскіх прапагандыстаў.

Царык перакананы, што "пагрозу, якая можа ўзнікнуць у адносінах Беларусі і Расіі, трэба ўспрымаць сур'ёзна". Паводле яго слоў, у Расіі "даволі агрэсіўныя намеры ў нашым рэгіёне". Палітолаг адзначае, што "наезд" на Беларусь на расійскіх тэлеканалах (яны палохаюць "пагрозай беларускага нацыяналізму") не выпадковы, відавочна, была "ўстаноўка зверху".

"Самі гэтыя праграмы ўкладваюцца ў логіку паводзінаў Крамля на інфармацыйным полі. Пры гэтым пакуль інфармацыйны рэсурс з боку Масквы не ўключаны на поўную магутнасць", — кажа Юрый Царык.

Ён мяркуе, што з'яўленне праграм на расійскіх тэлеканалах нельга разглядаць па-за кантэкстам нядаўняй сустрэчы ў Маскве Лукашэнкі і Пуціна. Інфармацыі пра яе было вельмі мала. Юрый Царык мяркуе, што на ёй абмяркоўваліся "ваенна-палітычныя пытанні, пытанні ўдзелу Беларусі ў мерапрыемствах Расійскай Федэрацыі ва ўзмацненні напружанасці ва ўсходняй Еўропе". Магчыма, гаворка ішла і пра размяшчэнне расійскіх войскаў у нашай краіне. Аляксандр Лукашэнка на такія планы не пагадзіўся і атрымаў папярэджанне, сігнал з Масквы, кажа палітолаг. Ён не выключае, што сігнал можа быць разлічаны не толькі на кіраўніцтва Беларусі, але і на "шырокія колы ў беларускай наменклатуры".
 
Царык звяртае ўвагу на тое, што расійская грамадская думка Расіі не гатовая ўспрымаць Беларусь у якасці ворага. І калі ў Маскве прымуць рашэнне змяніць гэтую сітуацыю, інфармацыйную кампанію могуць запусціць на поўную магутнасць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі