З выбарчых участкаў у Беларусі вынеслі каля 600 бюлетэняў

У ЦВК сцвярджаюць, што зніклі сотні бюлетэняў / t.me/cikbelarus/
З выбарчых участкаў у Беларусі вынеслі каля 600 бюлетэняў. Пра гэта ў панядзелак паведаміў старшыня ЦВК Ігар Карпенка. Ён лічыць, што гэта была не ініцыятыва саміх беларусаў, а яны адгукнуліся на "заклікі з-за мяжы". "Нават не змаглі па адным бюлетэні з кожнага ўчастка вынесці", — дадаў Карпенка.
Старшыня ЦВК згадаў, што былі зафіксаваныя факты здзяйснення выбарцамі адміністрацыйных правапарушэнняў: фатаграфаванне бюлетэняў (нягледзячы на пагрозу штрафаў, іх было 54) і іх вынас.
Ад грамадзян або назіральнікаў "не паступалі скаргі аб парушэннях патрабаванняў выбарчага заканадаўства ў працэсе галасавання або пры падліку галасоў, якія маглі б паўплываць на вынікі выбараў", сказаў Ігар Карпенка. Як вядома, Захад і Украіна назвалі "выбары" ў РБ палітычным фарсам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.