З-за пары лішніх шкарпэтак у Беларусь не пусцяць і расіян

Згодна з распрацаванымі Дзяржаўным мытным камітэтам “рэкамендацыямі”, чалавека, які вязе на 1 адзінку тавару больш дазволенага, мытнікі могуць проста высадзіць з цягніка на нейтральнай тэрыторыі. Што ён будзе далей рабіць, іх абсалютна не хвалюе. Тое ж тычыцца і грамадзян іншых краін, якія едуць праз Беларусь транзітам. Да прыкладу, расіян. Нагадаем, што распрацаваныя мытнікамі “Метадычныя рэкамендацыі па вызначэнні мэтавасці тавараў, якія перавозяцца праз мяжу фізічнымі асобамі” дзейнічаць на беларускай мытні пачалі з 15 траўня. У адпаведнасці з імі адзін раз у два месяцы можна будзе правезці не больш за тры адзінкі аднаго наймення тавару, але не больш за 10 найменняў. Адзін раз у месяц - тры адзінкі аднаго віду, але не больш за тры наймення. Калі ж вы будзеце ездзіць за мяжу часцей, чым адзін раз на тыдзень, то зможаце правезці толькі адну адзінку і толькі аднаго наймення тавараў. Мэта гэтых “рэкамендацый” -- вызначыць і абмежаваць, колькі і чаго можна правозіць людзям праз мяжу. Прычым, з улікам таго, наколькі часта чалавек у замежжа выязджае, складу яго сям’і, месца працы ці яго адсутнасці, месца жыхарства, блізкасці месца жыхарства да мяжы ды іншых акалічнасцяў.

Што рабіць чалавеку, якога, напрыклад, польскія мытнікі прапусцілі праз сваю мяжу, праштампаваўшы пашпарт, а беларускія пускаць не хочуць, матываючы перавышэннем колькасці дазволеных да ўвозу тавараў, Еўрарадыё патлумачыла супрацоўніца аддзела арганізацыі мытнага кантролю памежнага пераходу “Брэст”.

“Брэст”: “Гэта іх рэчы, яны з’яўляюцца ўласнікамі, і як яны будуць імі распараджацца -- гэта іх справа. Мы прымаем рашэнне, а ўсё астатняе нас не датычыцца. У такіх сітуацыях, што яны будуць рабіць далей, мы не маем права даваць нейкія парады”.

Як стала вядома Еўрарадыё, такія ж абмежаванні, як па вазе, так і па па колькасці ды асартыменце тавараў, што правозяцца праз беларускую мяжу на тэрыторыю нашай дзяржавы тычацца не толькі грамадзян Беларусі, але і замежнікаў. Нават тых, хто едзе праз Беларусь транзітам. Па словах супрацоўніцы аддзела арганізацыі мытнага кантролю, пашпарт грамадзяніна іншай краіны не перашкода для таго, каб прымяніць у дачыненні да вандроўніка “рэкамендацыі” мытнага камітэта Беларусі і прэзідэнцкага ўказу.

“Брэст”: “Да ўсіх патрабаванні аднолькавыя. У нас дзейнічае ўказ прэзідэнта №503, і гэтым усё сказана”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі