За каго з беларускіх спартсменаў можна заўзець у бліжэйшыя гадзіны на Алімпіядзе
Еўрарадыё нагадвае, за якімі спартовымі падзеямі на Алімпіядзе ў Рыа варта сачыць увечары 9 жніўня. У 19.20 на старт кваліфікацыі на дыстанцыі 100 метраў вольным стылем выйдзе чэмпіён Еўропы Яўген Цуркін. Плывец стартуе на пятай дарожцы ў чацвёртым заплыве. Спецыялісты мяркуюць, што шанцаў на паўфінал у чэмпіёна не шмат. Але чаго не бывае!
Нарэшце ў нармальны час (раней баскетбол паказвалі ўначы), у 21.30 у Рыа пачнецца матч паміж нашай баскетбольнай жаночай зборнай супраць гаспадынь Алімпіяды — каманды Бразіліі. Гульня вельмі важная для беларускіх стартсменак, паколькі ў першых матчах былі два паражэнні.
У 22.00 у чвэрцьфінале на алімпійскім турніры па настольным тэнісе выступіць беларус, дзявятая ракетка свету Уладзімір Самсонаў. Яго сапернік — пятая ракетка свету, немец з украінскімі каранямі Дзмітрый Аўчароў. Лік асабістых сустрэч тэнісістаў 6:4 на карысць беларускага гульца. Праўда, у апошнім фінале перамог Аўчароў.
Тэлетрансляцыі ў жывым эфіры і ў запісе глядзіце на "Беларусь 5".