Забітых у Оршы дзяцей выявіла бабуля — "Медыязона"

Дом па вуліцы Завадскага ў Оршы, дзе адбылася трагедыя

Дом па вуліцы Завадскага ў Оршы, дзе адбылася трагедыя / vkurier.by

Забітых у Оршы дзяцей выявіла іх бабуля. Пра гэта піша "Медыязона" са спасылкай на крыніцу, блізкую да сям'і. Таксама журналісты высветлілі, што маці загінулых дзяцей завуць Ірына Куранкова.

"Усе суседзі распавядаюць, што яна адчыніла дзверы сваім ключом. Прыйшла, бо не магла датэлефанавацца. І ўбачыла там Ірыну ў крыві, таму што тая спрабавала вены парэзаць. І дзяцей. Кажуць, яны ў шэраг ляжалі", — кажа крыніца.

Як паведамлялася раней, 14 лютага ў кватэры дома №3 па вуліцы Завадскага ў Оршы знайшлі трупы чатырох задушаных маленькіх дзяцей — ад аднаго да васьмі гадоў. Па падазрэнні ў забойстве затрымалі іх маці. Генпракуратура заяўляла, што пра забойства дзяцей у міліцыю паведаміла сацыяльны педагог.

Агулам у сям'і было было шасцёра дзяцей: трое вучыліся ў школе №20 у Оршы. Старэйшы сын быў у адзінаццатым класе, яго брат — у восьмым, сястра — у першым. Яшчэ тром дзецям было ад года да пяці гадоў.

Як вынікае з ранейшых паведамленняў, выжылі два старэйшыя браты. У момант трагедыі яны, як паведамляецца, былі ў бабулі.

Паведамлялася, што ў дзяцей Ірыны былі розныя бацькі, але з дзецьмі яны не пражывалі.

Крыніца "Медыязоны" сцвярджае, што Ірыну п'янай не бачылі, але часта п'яны быў яе муж. Знаёмыя кажуць, што ён біў жанчыну: яе бачылі з сінякамі ў дзіцячым садку.

Таксама крыніца выдання пацвердзіла інфармацыю Генпракуратуры, што паўгода таму цяперашняга мужа Ірыны і бацьку аднаго з яе дзяцей накіравалі ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Паводле інфармацыі былых сілавікоў з BELPOL, мужа Ірыны завуць Дзмітрый Куранкоў. З 2004 года ён працаваў зваршчыкам на заводзе "Легмаш". За з'яўленне ў п'яным выглядзе ён больш за 10 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Сама Ірына працавала аператарам машыннага абсталявання на Аршанскім ільнокамбінаце.

Дом №3 на вуліцы Завадскага быў здадзены ў 2017 годзе. Яго жыхарамі сталі аршанцы, якія маюць права на сацыяльнае жыллё.

Знаёмыя сведчаць, што сям'я Куранковых жыла бедна: у кватэры не было пралкі. Адна з суседак аднойчы збірала па горадзе дапамогу для іх — цацкі і адзенне для дзяцей. У Генпракуратуры заявілі, што ў дзяцей часта не было ежы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі