"Замарозіць удзел ва Усходнім партнёрстве і аблегчыць уезд беларусаў у ЕС"

12 студзеня ў Еўрапейскім парламенце пачнуцца дэбаты адносна сітуацыі ў Беларусі. Еўрапарламентарыі будуць размаўляць з прадстаўнікамі апазіцыі, каб зразумець сітуацыю ў нашай краіне. Ужо праз тыдзень пачнуцца дэбаты з удзелам Вярхоўнага прадстаўніка Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, якія завершацца прыняццем рэзалюцыі па Беларусі. Пра гэта Еўрарадыё распавёў Старшыня Дэлегацыі Еўрапарламента па адносінах з Беларуссю Яцэк Пратасевіч:
 
Яцэк Пратасевіч: "Еўрапарламент на гэтым тыдні толькі пачынае дэбаты па сітуацыі ў Беларусі і пра тыя высновы, якія трэба зрабіць у дачыненні да беларускіх уладаў. 11 студзеня ў Брусель прыехалі лаўрэаты прэміі імя Андрэя Сахарава спадар Аляксандр Мілінкевіч і прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў. 12 студзеня у Еўрапарламент прыедуць іншыя прадстаўнікі апазіцыі, такія як Станіслаў Шушкевіч, Аляксандр Казулін, прадстаўнікі Андрэя Саннікава і дачка Уладзіміра Някляева. 
І ад 12 студзеня пачнуцца размовы еўрапарламентарыяў з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі, каб з першых вуснаў даведацца пра тое, што здарылася ў Беларусі. І ў выніку — 12 студзеня адбудуцца першыя дэбаты з удзелам камісіі замежных спраў, камісіі правоў чалавека і беларускай дэлегацыі. А праз тыдзень пройдуць дэбаты на пленарнай сесіі, якія завершацца прыняццем рэзалюцыі. На гэтым пасяджэнні будзе прысутнічаць спадарыня Эштан".
 
Еўрарадыё: Якія санкцыі могуць быць у рэзалюцыі, што будзе прынятая на наступным тыдні?

Яцэк Пратасевіч: "Гэта пытанне, на якое цяпер немагчыма адказаць. Бо ў дэмакратычным парламенце немагчыма прыняць рашэнне да заканчэння дэбатаў, яно магчымае толькі пасля выніковага галасавання. Еўрапарламент, у адрозненне ад беларускага парламента, з'яўляецца дэмакратычным інстытутам, таму прадугледзець, што трапіць у рэзалюцыю, немагчыма.
Асабіста я хацеў бы, каб у яе трапілі тры важныя рэчы.
Першая: каб былі адноўленыя санкцыі ў дачыненні да беларускіх афіцыйных асобаў, замарожаныя ў рамках палітыкі дыялогу некалькі гадоў таму.
Другая: каб для беларускіх грамадзянаў уезд на тэрыторыю Еўрасаюза стаў лягчэйшы.
Трэцяя: каб быў замарожаны ўдзел Беларусі ва "Усходнім партнёрстве.
Гэта тры найважнейшыя рэчы плюс рашэнне ўладаў Еўрасаюза пра фінансавую падтрымку беларускай дэмакратычнай апазіцыі, няўрадавых арганізацый. Калі будуць гэтыя тры рэчы прынятыя, то я буду задаволены".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі