З'ехаў з Беларусі дырэктар музея, які вярнуў у Беларусь статут ВКЛ
Аляксей Бацюкоў
Экс-дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў выйшаў на волю пасля 15 сутак у ІЧУ. Пасля вызвалення ён з'ехаў з Беларусі з-за пагрозы крымінальнага пераследу, паведамляюць праваабаронцы MAYDAY.TEAM.
“Пасля брутальнага затрымання ён быў дапытаны супрацоўнікамі КДБ у якасці падазронага па дзвюх крымінальных справах. Аднак пратакол быў складзены па адміністрацыйным артыкуле за лайк у Інтэрнэце”, — пішуць праваабаронцы.
Адразу пасля затрымання Бацюкова, на магілёўскім тэлебачанні выйшаў анонс праграмы, у якім сцвярджалася, што былі затрыманы "экстрэмісты", якія нібыта "здзекаваліся з гісторыі і памяці Беларусі".
Чалавек, які вярнуў у Беларусь Статут ВКЛ
Аляксей Бацюкоў кіраваў Музеем гісторыі Магілёва каля дзесяцігоддзя, здолеў папоўніць калекцыю ўнікальнымі артэфактамі, грошы на якія збіраліся з ахвяраванняў. Сярод гэтых артэфактаў — Статут ВКЛ 1588 года, які музей купіў за 45 тысяч долараў. Апроч таго, калектыў музея ў непрацоўны час злічбаваў Статут і выклаў яго анлайн, каб проста зараз яго мог спампаваць кожны з вас.
Напачатку 2021-га з Бацюковым не працягнулі кантракта. Гісторыка неаднаразова затрымвалі. Папярэдні раз — летам 2023-га, калі ён правёў трое сутак за рашоткай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.