Зранку 6 снежня паліцыя пачала разгон мітынгу пад Вярхоўнай Радай
Каля 6-й гадзіны раніцы (каля 7-й паводле мінскага часу) 6 снежня ўкраінская паліцыя пачала штурм намётаў пад Вярхоўнай Радай. У гэтых намётах на ноч заставаліся прыхільнікі лідара партыі "Рух новых сіл" Міхаіла Саакашвілі.
Паводле інфармацыі hromadske.ua з месца падзеяў, пры сутычках паліцыі з пратэстоўцамі пацярпелі каля 10 чалавек.
Як паведамлялася раней, зранку 5 снежня ў кватэру Саакашвілі прыйшлі з ператрусам. У СБУ заявілі, што дзейнічаюць у рамках крымінальнай справы, якую вядзе Генеральная пракуратура. Каля дома Саакашвілі адбыліся сутычкі і раздаліся стрэлы. Паліцыя выкарыстала сілу.
Паліцыя затрымала Саакашвілі, але яго прыхільнікі заблакавалі аўто сілавікоў і вызвалілі палітыка. Пасля гэтага ён разам з паплечнікамі накіраваўся да будынка Вярхоўнай Рады, дзе адбыўся мітынг.
Па словах генпракурора Юрыя Луцэнкі, затрыманне Саакашвілі звязанае з доказамі фінансавання мітынгаў "Руху новых сіл" алігархам-уцекачом Сяргеем Курчанкам. Паводле інфармацыі Генпракуратуры, каманда Саакашвілі атрымала 500 000 даляраў ад Расіі.
Генпракуратура абвясціла Саакашвілі ў вышук. Луцэнка заклікаў палітыка з'явіцца да следчага СБУ а 9-й гадзіне раніцы 6 снежня.