17 снежня на былых ільготнікаў спусцяць усіх кантралёраў

Як даведалася Еўрарадыё, “Мінсктранс” рыхтуецца да рэзкага павелічэння колькасці “зайцоў” і 17 снежня выведзе на лінію ўсіх сваіх кантралёраў. З 17 снежня школьнікі, студэнты і пенсіянеры пазбавяцца льготаў на праезд. З гэтага часу ім давядзецца плаціць поўны кошт праезду, які цяпер складае 600 рублёў.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці можна назапасіць ільготных талонаў і ездзіць па іх пасля 17 снежня. Прадстаўнік “Мінсктрансу” Ганна Міхайлоўская паведаміла, што апошні раз скарыстацца льготным талонам можна будзе 16 снежня.

З наступнага дня яны будуць лічыцца несапраўднымі. Нават два льготныя не будуць прыраўноўвацца да аднаго поўнага.

Ганна Міхайлоўская: “З 17 снежня для нас ужо не існуе льготных пасажыраў, таму па двух талонах ехаць нельга — няхай пра запас не купляюць. 16 снежня будзе апошні дзень продажу льготных талонаў, 17-га іх прадаваць ужо не будуць”.

Яна адзначыла, што, згодна з законам, льготы на праезд адмяняюцца зусім. Застануцца толькі дзве катэгорыі грамадзянаў — тыя, хто мае права на бясплатны праезд, і тыя, хто аплачвае поўны кошт праезду.

У сувязі з адменай льгот “Мінсктранс” прагназуе павелічэнне колькасці безбілетнікаў, таму ўсе сілы накіруе на барацьбу з “зайцамі”.

Ганна Міхайлоўская: “Мы чакаем павелічэння колькасці зайцаў. У сувязі з гэтым мы будзем прымаць розныя захады. Мы ўжо распрацавалі графік выхаду на лінію нашых рэвізораў, дзе прадугледжана дадатковая колькасць выхадаў. Усё гэта для таго, каб праверыць на поўную аплату праезду”.