450 артыстам дазволілі выступаць у сталічных пераходах і на пляцоўках у цэнтры
13 траўня ў Верхнім горадзе прайшоў фестываль вулічных музыкаў і стартаваў новы сезон праекта “Пешаходка”. У ім удзельнічалі тыя, хто хоча цягам года граць і выступаць на адкрытых пляцоўках Мінска і ў пераходах. Усяго на ўдзел у праекце падалі 450 заявак. Усе яны былі задаволеныя журы:
“Узровень вельмі розны: ёсць вельмі знакамітыя музыкі з вялікім досведам працы на самых прэстыжных сцэнах краіны, ёсць музыкі з кансерваторскай адукацыяй, а ёсць пачаткоўцы, якія толькі пачалі граюць, — распавядае Алег Хаменка, адзін з сябраў журы. — Практычна ўсім па рашэнні журы, якое было патрэбнае для таго, каб паглядзець і паслухаць музыкаў на прадмет эстэтычнасці і адпаведнасці закону, падпісаны дазвол пры ўмове, што дадзеныя ў іх заяўках ― сапраўдныя. То бок, гэта свайго роду легімітызацыя музыкаў, каб да іх не было пытанняў з боку міліцыі”.
Алег Хаменка мяркуе, што гэта першы крок да таго, каб у нас на вуліцах музыкі гралі гэтак жа свабодна, як у астатняй Еўропе.
Па плане, дзвіжуха ў Верхнім горадзе Мінска з музыкамі, танцавальнымі калектывамі, мімамі, жывымі скульптурамі, а таксама музыка ў пераходах Мінска мусяць пачацца і загучаць ужо ў бліжэйшыя выхадныя. Праўда, пакуль арганізатарамі “Пешаходкі” прадумваецца, як найлепей сістэматызаваць выступ музыкаў у пераходах. Па словах аднаго з пачынальнікаў праекта Уладзіслава Пінчука, папярэдне яны будуць звязвацца з каардынатарамі, якія і будуць распісваць браніраванне месца і часу выступу:
“Цяпер шукаецца лагічная і камфортная для ўсіх форма браніравання, калі атрымаецца яе аўтаматызаваць, будзе ўвогуле добра. Пакуль жа будзем гэта каардынаваць. Усе разумеюць, што трэба даць магчымасць выступіць і іншым. Магчыма, абмяжуем пакуль час выступу ― не дзве гадзіны, а гадзіну. Але, мяркую, што цягам бліжэйшых некалькіх тыдняў гэта пачне працаваць”.
Пляцоўкі ў пераходах, дзе будуць выступаць музыкі, абазначаць адмысловымі насценнымі банерамі. Таксама прадумваецца, як музыкам можна атрымліваць “падзяку” ад слухачоў, і пры гэтым, каб да іх не мела прэтэнзій падатковая.