Аборты: pro-life VS pro-choice

Еўрарадыё: Цэнтр падтрымкі сям’і і мацярынства “Матуля” прапанаваў увесці тыдзень цішыні паміж момантам, як жанчына вырашыла перарваць цяжарнасць і момантам выканання аборту. Вы дамагаецеся таксама абавязковага кансультавання жанчыны, якая звяртаецца да лекара па аборт. Вы прапануеце даць права лекарам адмовіцца рабіць аборт, увесці аплату за аборты. Пачнем ад аплаты. Як на вашу думку гэта можа паўплываць на колькасць абортаў у нашай краіне і ці справа ў грошах?

Ларыса Мартынава: Гэты прыём можа мець значэнне. Нельга забывацца аб тым, што ўсе мы з вамі з’яўляемся падаткоўцамі. У нейкім сэнсе ўсе людзі маюць дачыненне да аплаты абортаў. У нас ёсць шмат сацыяльных паказанняў да аборту, і не ўсе з іх на наш абывацельскі погляд з’яўляюцца адэкватнымі. Мне не хацелася б сваімі падаткамі аплочваць аборт жанчыне, якая лічыць, што мае права зрабіць аборт, калі яна страціла мужа. Я думаю, што наадварот – калі загінуў муж, дык добраю памяццю аб ім будзе тое, калі яна захавае тое жыццё. Калі ведаць спіс паказанняў да аборту – відаць, што калі плата паболее і будзе істотная для жанчыны, то пэўную колькасць абортаў не будуць выконваць. Я думаю, што ў гэтым ёсць пэўны сэнс.

Еўрарадыё: Такі ход думкі выглядае надта суб’ектыўна. Я,напрыклад, магу быць пацыфісткай і не хацець плаціць падаткаў на войска. А што з маладой дзяўчынай, якая хоча рабіць аборт, а бацькі не хочуць даць ёй грошай?

Ларыса Мартынава: Тут мы можам звярнуць увагу на досвед нашых суседзяў – Польшчы. Яны маюць пэўны шэраг этапаў, з якімі колькасць сацыяльных паказанняў да аборту паменшала. Для іх важнай з’яўляецца сітуацыя гвалту над жанчынай ды пагроза жыццю жанчыны. Гэта вельмі важна.

Еўрарадыё: Але ў Польшчы з’явілася вельмі шмат падпольных абортаў. Ёсць такая з’ява як аборт-турызм…

Ларыса Мартынава: Гэта вялікая праблема, але не такая вялікая, як нам здаецца. Сенатары, якія сочаць за выкананнем закону аб захаванні жыцця эмбрыёна і дзіцяці ў працэсе яго развіцця штогод выдаюць справаздачы. Калі прачытаць такую справаздачу аднаго з сенатараў, то мы ўбачым, як на самой справе выглядае абортны турызм і ці вялікая лічба абортаў… Гэта не велізарная праблема.

Еўрарадыё: А як з правам лекара адмовіць жанчыне рабіць аборт? Вы лічыце, што кожны лекар пры кожнай умове павінен мець такое права?

Ларыса Мартынава: Я думаю, што гэта вельмі важная ініцыятыва менавіта з боку Міністэрства аховы здароўя. Фармальна нашыя лекары могуць адмовіцца рабіць аборт. Але гэта можа давесці да пэўных праблем ва ўстанове, нават да байкоту з боку калегаў і адміністрацыі. Паглядзіце на досвед Італіі – там цяпер засталося вельмі мала лекараў, якія робяць аборты. Большасць лекараў адмовіліся гэта рабіць. Гэта на ўзроўні дзяржавы рэгулюе працэс правядзення абортаў. А ў Англіі, калі студэнты навучаюцца за лекараў-гінеколагаў – у іх наогул няма тэмы з выкананнем абортаў. Толькі тыя лекары, якія хочуць і бачаць, што гэта прыносіць пэўны прыбытак або мае попыт – яны толькі потым у іншых краінах атрымліваюць спецыялізацыю выканання абортаў. Таму добра было б, каб кожнаму лекару было дадзена права выбіраць – ці ўдзельнічае ён у аборце, ці – не. Не сакрэт, што нашы студэнты (нават стаматолагі) павінны паўдзельнічаць у працэсе абортаў яшчэ будучы студэнтамі, а інакш – яны проста не атрымаюць дыплому. На жаль, на сённяшні дзень у нас у Беларусі з клятвы Гіпакрата выкінутая фраза “Не дам жанчыне ніякага абарцыйнага сродку”.  Гэтай фразы проста няма сёння ў нас у клятве Гіпакрата. Добра было б, каб лекары мелі права адмаўляцца рабіць аборты.

Еўрарадыё: Але ж у той жа Польшчы з’яўляецца такая сітуацыя, што жанчыну змушаюць даношваць хворае, амаль мёртвае дзіця. Гэта – другая крайнасць.

Ларыса Мартынава:  Так, можа быць такі момант. Але варта таксама падумаць яшчэ і пра нашу сітуацыю ў Беларусі. У нас адбываецца дэпапуляцыя, старэнне насельніцтва, нерэгуляваныя міграцыйныя працэсы і дэградацыя інстытута сям’і. Такая з’ява, як аборт – не пералічваецца ў афіцыйным спісе пагрозаў дэмаграфічнай сітуацыі. Хоць гэта пагроза найбольшая з усіх, калі паглядзець паводле колькасці. На сённяшні дзень штодня ў Беларусі выконваецца 101 аборт! Я праводжу кансультацыі з жанчынамі і бачу, якімі матывамі яны кіруюцца… 101 аборт гэта зашмат!

Еўрарадыё: А можа гэтую праблему лепей вырашаць метадам заахвочвання і апекі сям’і, а не метадам забароны?

Ларыса Мартынава: У маштабах дзяржавы забарона абортаў мае вялікае значэнне. Але мы з вамі, як звычайныя жыхары, найперш заўважаем уцісканне нашых правоў. Але паглядзіце, што адбудзецца бліжэйшыя 5 год. У нас цяпер 440 тысяч жанчын у фертыльным веку. Праз 5 год іх будзе 240 тысяч. Таму пра забарону абортаў трэба казаць на ўзроўні дзяржавы. Я згодная з вамі, што не толькі ў гэтым аспекце. Ёсць яшчэ многа аспектаў: гэта асвета моладзі ў гэтым плане, праца з сем'ямі, праца з журналістамі, са СМІ, каб тыя распаўсюджвалі ідэі змены рэпрадуктыўных установак. У нас у законе аб дэмаграфіі напісана, што трэба рабіць усё, каб фарміраваць у жанчын і ў мужчын доўгатэрміновыя рэпрадуктыўныя ўстаноўкі. Гэта мы і спрабуем рабіць.

***

Еўрарадыё: Спадарыня Ірына, як вы ставіцеся да ініцыятывы цэнтра падтрымкі сям’і і мацярынства “Матуля” пра змены ў падыходзе да перарывання цяжарнасці – увядзенне аплаты за перарыванне цяжарнасці, тыдзень цішыні ад моманту падачы заяўкі да працэдуры, права для лекара адмовіць у выкананні аборта паводле асабістых перакананняў?

Ірына Альхоўка: У мяне дваякае меркаванне. З аднаго боку да сённяшняга часу многія жанчыны ўспрымаюць аборты як сродак кантрацэпцыі. Я супраць такога падыходу. Наша дзяржаўная статыстыка паказвае, што нават жанчыны пасля трыццаці, якія маюць дзяцей, маюць досвед інтымнага жыцця,  працягваюць выкарыстоўваць аборты як сродак кантрацэпцыі, разважаючы так: калі зацяжару, то пайду і зраблю аборт. Тым больш сёння ў нас ёсць медыцынскі аборт – з дапамогай таблетак, ён менш траўматычны. Але гэта няправільна, мы не павінны ставіцца да аборта як да сродку пазбаўлення ад праблемы. З іншага боку, дзяржаўная палітыка абараняе правы жанчын, у тым ліку і ў рэпрадуктыўнай сферы.  Я ўпэўненая, што жанчына павінна мець права выбару, каб зрабіць аборт. Што датычыцца лекараў, якія па этычных прычынах могуць адмовіцца, лекары ўсё ж у гэтым сэнсе людзі паднявольныя, яны выконваюць дзяржаўную палітыку. Калі асабістыя прынцыпы не дазваляюць чалавеку ўдзельнічаць у такой дзейнасці, напэўна ён можа адмовіцца. Але ён не мае права прапагандаваць свой пункт погляду і пераконваць жанчыну адмаўляцца ад аборту, калі гэта не дзяржаўная палітыка.

Еўрарадыё: Сярод прапановаў пакуль няма забароны на аборты. Прапануецца праз рэгуляцыю зрабіць працэс больш складаным. Не вядзецца размовы пра тое, каб пазбавіць жанчыну права выбару.

Ірына Альхоўка: Даць жанчыне час падумаць і пагаварыць з ёй пра шкоду абортаў – някепская ініцыятыва. Але яна павінна рэалізоўвацца настолькі, каб не абмяжоўваліся правы жанчыны.  Каб у жанчыны сапраўды быў выбар. Бо любая ініцыятыва правяраецца практыкай. Напрыклад – час цішыні. А што рабіць, калі жанчына звярнулася напрыканцы таго тэрміну, калі яшчэ магчыма легальна зрабіць аборт? Тады час цішыні аўтаматычна пераводзіць яе ў зону, калі аборт рабіць ужо позна. Павінен быць выбар і я супраць таго, каб гэта было замацавана заканадаўствам. Ініцыятыва – гэта добра, я так разумею, што гэта цэнтр пры адной з хрысціянскіх цэркваў, няхай яны пратэстуюць гэтую мадэль, няхай размаўляюць з жанчынамі, глядзяць, наколькі тыя прыслухоўваюцца. А потым ужо можна прагназаваць, як гэта будзе дзейнічаць у маштабах краіны. 

Еўрарадыё: Размаўляючы з супрацоўніцай цэнтра падтрымкі сям’і і мацярынства “Матуля” спадарыняй Ларысай Мартынавай, мы пыталіся і пра рэгуляцыю заканадаўства. Гаварылі пра тое, што з клятвы Гіпакрата прынялі пытанне пра аборты і гэта кепска, і што менавіта змена дзяржаўнай палітыкі магла б станоўча паўплываць на змену сённяшняй статыстыкі па гэтым пытанні.

Ірына Альхоўка: У нашай гісторыі пункт пра заканадаўчую забарону абортаў мы ўжо праходзілі. Досвед паказвае, што гэта вядзе да нелегальных абортаў і ніякай карысці не прыносіць. Шырокавядомыя польскія аборт-туры ў Калінінградскую вобласць, аборты, што робяцца на караблях у нейтральных водах – гэта ўсё таксама наступствы заканадаўчай забароны на правядзенне абортаў. Так, жанчына павінна разумець, што яна робіць. Так, яна павінна мець выбар, рабіць аборт ці захаваць дзіця. Але калі мы будзем забараняць, з’явяцца падпольныя аборты, павысіцца смяротнасць. А ўзровень смяротнасці – гэта сёння адзін з паказчыкаў дзяржаўнай медыцынскай палітыкі. То бок сапсуюцца многія паказчыкі і насамрэч сапсуецца здароўе людзей.  Таму я стаўлюся да гэтага негатыўна. Наколькі я чытала інфармацыю пра розныя праекты па кансультаванні жанчын, насамрэч вельмі маленькі адсотак жанчын, якія перадумалі.   Таму апроч этычных пытанняў трэба глядзець яшчэ на эканоміку – чаму жанчыны пазбаўляюцца ад дзяцей, чаму яны робяць аборты. Яшчэ раз падкрэслю, што гэта кепска, гэта вялізны гарманальны стрэс для арганізма, гэта медыцынская аперацыя, а не сродак кантрацэпцыі. Давайце думаць пра тое, як не даводзіць да гэтага. Але ў жанчыны павінна быць права вырашаць, колькі яна хоча мець дзяцей, з кім яна хоча іх заводзіць, калі яна хоча нарадзіць. Яна павінна мець выбар.

Еўрарадыё: Што на вашую думку можна зрабіць, каб змяніць гэтую страшную статыстыку – 101 аборт у дзень, і што можна зрабіць каб змяніць прычыны абортаў, улічваючы што матэрыяльныя цяжкасці толькі на трэцім месцы, на першым месцы аказаўся  ціск з боку сацыяльнага атачэння, а на другім – складаныя адносіны з бацькам дзіцяці.

Ірына Альхоўка: Я б сказала, што апроч працы з жанчынамі (хаця жанчыны і так усе ведаюць, што раз на год абавязкова трэба наведаць гінеколага), трэба працаваць і з мужчынамі. З маіх назіранняў, жанчыны часта прымаюць рашэнне пра аборт менавіта таму, што не могуць дамовіцца з мужчынам.  Мужчына не хоча браць на сябе абавязкаў і тады перад жанчынай паўстае пытанне, ці зможа яна выгадаваць дзіця і забяспечыць яму той узровень, які лічыць неабходным. Кепска калі жанчына прымае такое рашэнне сама, таму што ў мужчыны таксама ёсць права ведаць, што ён можа стаць бацькам. І ён таксама павінен мець права голасу. Мае прапановы дастаткова традыцыйныя – праца з моладдзю. Трэба распавядаць пра шкоду аборту, але не абмяжоўваць права выбару, бо забарона прынясе адваротны эфект. І абавязкова трэба ўцягваць у гэта мужчын – мужчыны і да свайго здароўя ставяцца безадказна і калі жанчына цяжарная то часта лічыцца, што гэта яе асабістая справа. А даследаванні паказваюць, што ў старасці мужчыны не маюць кантакту з уласнымі дзецьмі, бо раней яны не ўдзялялі дзецям увагі.  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі