Ад двух "шэрых" рыэлтараў у Баранавічах пацярпелі 11 чалавек
Жыллё, ілюстрацыйнае фота
У Баранавічах двух "шэрых" рыэлтараў вінавацяць у групавым махлярстве ў асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 209 КК), паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
На пачатковым этапе следства было вядома, што мужчыны падманам завалодалі жыллём двух грамадзян, пасля чаго прадалі гэтыя кватэры. Пацярпелых яны перасялілі ў больш таннае жытло. А "навар" ад продажу нерухомасці падзялілі паміж сабой.
Як заяўляе следства, у кастрычніку 2022 года 47-гадовы мужчына распрацаваў злачынны план па адабранні жылля ў грамадзян. Да яго выканання ён прыцягнуў 31-гадовага знаёмага. Арганізатар шукаў адзінокіх старых, якія знаходзяцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы і вядуць асацыяльны лад жыцця. Ён уваходзіў у давер, прапаноўваў ім дапамогу ў аплаце запазычанасці і продажы кватэр.
Маладзейшы кампаньён займаўся тэхнічным бокам: суправаджаў падчас перамоваў, размяшчаў на гандлёвых інтэрнэт-пляцоўках абвесткі аб продажы кватэр, дастаўляў гаспадароў жылля ў натарыяльныя канторы, дапамагаў у афармленні ўгодаў куплі-продажу.
Падчас расследавання выявілася, што ахвярамі кампаньёнаў сталі 11 чалавек. Фігуранты завалодалі кватэрамі на суму больш за 470 тысяч рублёў. Уладальнікаў перасялялі ў малапрыдатныя для жылля старыя дамы без каналізацыі, ацяплення і электраэнергіі. Трое з пацярпелых, пражываючы ў такіх умовах, пазней памерлі.
Арганізатар злачыннай схемы сваю віну не прызнаў. Ён заявіў, што нікога не падманваў і выканаў свае абавязацельствы перад усімі. Яго напарнік віну прызнаў часткова: ён сказаў, што атрымліваў нязначныя грошы не ад продажу кватэр, а за прывядзенне іх у парадак і аказанне тэхнічных паслуг.
Маёмасць мужчын арыштавалі і прадалі, каб кампенсаваць шкоду, прычыненую пацярпелым. Саміх "шэрых" рыэлтараў узялі пад варту. Следства па іх справе завершанае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.