Адэля Вольская: Я вырашыла павесяліцца і адзначыць Дзень Волі разам з усімі

Адэля Вольская: Я вырашыла павесяліцца і адзначыць Дзень Волі разам з усімі

Дачка Лявона Вольскага, Адэля, выступіць на Дзень Волі на канцэрце ля Опернага тэатра ў Мінску. Цікава, што такую прапанову аднаму з арганізатараў свята — Паўлу Белавусу, зрабіў на старонцы Адэлі ў фэйсбуку адзін з яе сяброў. Ён напісаў, што калі Лявон па аб'ектыўных прычынах не можа ў гэты дзень быць у Мінску, было б крута, каб замест бацькі яго песні заспявала Адэля. Арганізатары падумалі, што ідэя добрая і паклікалі дзяўчыну.

"Я пагадзілася, таму што гэта файная акцыя: чаму б не? Мне проста прыемна будзе выступіць на такім свяце. Канечне, шкада, што майго таты не будзе. Але я вырашыла павесяліцца і адзначыць гэтае свята з усімі", — распавядае Адэля ў размове з Еўрарадыё.

Адэля ўжо стэлефанавалася з бацькам і ўзгадніла песні, якія выканае на канцэрце. Кажа, што заспявае некалькі сваіх кампазіцый і некалькі татавых. Якія — сакрэт! Дзяўчына прызнаецца, што хвалявання перад канцэртам не адчувае.

"Канечне, заўсёды ёсць стрэс, гэта нармальна. Але неяк асабліва выступаць перад вялікай колькасцю публікі я не баюся. Прынамсі, зараз. Магчыма потым у гэтую гадзіну і буду хвалявацца, але я адносна ведаю, як гэта бывае", — смяецца Адэля Вольская.

25 сакавіка Лявон Вольскі будзе святкаваць Дзень Волі ў Беластоку разам з беларусамі Падляшша. На канцэрце ў Мінску ён з'явіцца праз тэлемост. Але, кажа Адэля, сямейнага дуэту чакаць не варта, бо Лявон гэтага не любіць. Хаця, усміхаецца дзяўчына, калі раптам ўсё ж такая прапанова ад бацькі паступіць, то яна з радасцю яе прыме.

Апроч Адэлі Вольскай у канцэрце #БНР100 вользмуць удзел гурты Akute, РСП, Ігар Варашкевіч, Кася Камоцкая, Юрый Стыльскі, Dzieciuki і іншыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі