Афіцыйны Мінск абвінаваціў Google ў "інфармацыйных правакацыях"

Міністр інфармацыі Марат Маркаў / sb.by
Афіцыйны Мінск мяркуе, што Google ўмешваецца ў беларускія "выбары". Адпаведны ліст лукашэнкаўскія ўлады накіравалі ў карапарацыю. Пра гэта міністр інфармацыі Марат Маркаў расказаў прапагандысту расійскага тэлеканала Russia Today Канстанціну Прыдыбайлу.
Чыноўнік заявіў, піша "Позірк", пра "саўдзел кампаніі Google у інфармацыйных правакацыях супраць Беларусі і прэзідэнцкіх выбараў у краіне". Паводле яго, гэта парушэнне заканадаўства, бо ў гэтых "правакацыях" удзельнічаюць "фармаванні, якія судом прызнаныя ў Рэспубліцы Беларусь экстрэмісцкімі". На думку Маркава, гэта вельмі моцна адбіваецца на рэпутацыі Google: "Хацелася б, каб яны прынамсі гэта зразумелі для пачатку, а потым прынялі адпаведныя пастановы".
Чыноўнік прапанаваў стварыць у Беларусі аналаг Раскамнагляду, каб былі інструменты для такіх жа карных дзеянняў, як у Расіі. "У Беларусі няма адпаведнай арганізацыі, умоўнага Белкамнагляду, але тое, што яго стварэнне даўно наспела, я ў гэтым не сумняваюся", — дадаў ён.
Маркаў не ўдакладніў, што менавіта ён лічыць "правакацыямі" і як Google у іх удзельнічаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.